Агляд прэсы: «пралескі» вялікай палітыкі
Ці стане Беларусь плацдармам расейска-украінскага канфлікту? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Украінскія эксперты прагназуюць, што Расея плануе поўнамаштабнае ваеннае ўварванне на тэрыторыю Украіны ўжо ў красавіку 2021 года. Прычым часткова з тэрыторыі Беларусі. Украінскае выданне «Тэлеграф» апублікавала размову з ветэранам знешняй выведкі, генерал-лейтэнантам Васілём Богданам, які літаральна ацаніў пагрозу з боку Беларусі наступным чынам:
«Беларусь пад ціскам Расеі пачынае займаць адкрыта недружалюбную пазіцыю ў адносінах да Украіны. Усё часцей гучаць заявы аб тым, што Украіна нібыта пастаўляе зброю ў Беларусь. Украінскі МЗС ужо абвергнуў гэтую недарэчнасць, але тэндэнцыя выказванняў беларускіх афіцыйных асоб пасланняў расейскай прапаганды – у наяўнасці».
Украінскае выданне паведамляе, што беларускія ўлады далі магчымасць падраздзяленням радыёэлектроннай выведкі Расеі дыслацыравацца на беларуска-ўкраінскай мяжы. Адпаведна праходзяць і плануюцца сумесныя расейска-беларускія вучэнні. Мэта – прадэманстраваць Захаду і Украіне, што між Менскам і Масквой маецца ўзброены альянс.
***
Па выніках парламенцкіх выбараў у Нідэрландах першае месца з 22 адсоткамі галасоў чакана заняла Народная партыя за свабоду і дэмакратыю, якую ўзначальвае дзеючы прэм’ер-міністр Рутэ. Нечаканасцю гэтых выбараў, аднак, стаў вынік, дасягнуты партнёрам Рутэ па кіруючай кааліцыі – леваліберальнай партыяй «Дэмакраты 66» на чале з Сігрыд Кааг.
Гішпанская газета El Mundo лічыць, што Нідэрланды адчувальна ўмацавалі свае пазіцыі ў Еўразвязе:
«Перамога на выбарах умацавала не толькі становішча самога Рутэ, які пасля сыходу Меркель стане самым дасведчаным кіраўніком ураду з 27 краін-сябраў ЕЗ, але і пазіцыі ўсёй краіны. Нідэрланды сталі ключавым фактарам пры прыняцці важных рашэнняў унутры ЕЗ. Актыўная пазіцыя па такіх пытаннях, як міграцыя і Брэксіт, узмацніла вагу Рутэ сярод кіраўнікоў урадаў. Падчас леташніх перамоваў пра будучыню еўразоны ён узначальваў «чацвёрку эканомных», заклікаючы спыніць прамыя фінансавыя ўліванні для таго, каб не дапусціць рэзкага росту запазычанасцяў».
***
Еўразвяз пачаў юрыдычны працэс супраць Злучанага Каралеўства. На думку Бруселя, Лондан парушае палажэнні дамовы аб Брэксіце. Гаворка ідзе пра спрэчку з нагоды мытнага кантролю на мяжы, якая разгарэлася паміж Вялікабрытаніяй і Паўночнай Ірландыяй. Раней Лондан у аднабаковым парадку падоўжыў дзеючае ў гэтым плане выключэнне і абвінаваціў Брусель у спробе ўзвесці новую мяжу ў гэтым рэгіёне.
Як адзначае ірландская газета The Irish Times, Лондану і Дубліну яшчэ трэба будзе растлумачыць Modus vivendi сваіх адносінаў:
«Ідэя аб тым, што Вялікабрытанія можа выбудаваць сваю новую ролю ў сусветнай палітыцы на аснове выключна двухбаковых адносін, роўна як і здагадка, што Лондан зможа выкарыстоўваць іх для ўнясення расколу ў шэрагі ЕЗ, ёсць наўпрост ілюзіяй. Пры выбудоўванні адносін з Ірландыяй неабходна ўлічваць тое, што яе сяброўства ў ЕЗ ёсць відавочным фактам, роўна як і тое, што Ірландыя прымае ўдзел у прыняцці рашэнняў на ўзроўні ЕЗ і ў сваю чаргу дае Бруселю права весці перамовы па цэлым шэрагу пытанняў, пачынаючы з рыбалоўства і заканчваючы спрэчкай з нагоды кантролю знешняга гандлю».
***
Брытанская газета Daily Mail паведамляе, што ўльтрагукавое даследаванне, падобнае тым, якія выкарыстоўваюцца для адсочвання развіцця плоду падчас цяжарнасці, можа разбураць клеткі каронавірусу, прымушаючы іх паверхню расчапляцца і выбухаць. Прынамсі ў выданні прыводзяцца вынікі даследаванняў Масачусэцкага тэхналагічнага інстытуту.
«Матэматычны аналіз, заснаваны на фізічных уласцівасцях стандартных клетак каронавірусу паказаў, што медычнае ультрагукавое сканіраванне можа пашкодзіць абалонку і шыпы вірусу, што прывядзе да іх калапсу і разрыву. Прычынай разбурэння з`яўляецца з`ява рэзанансу хваляў медычнай візуалізацыі. Нешта падобнае адбылося, калі пры адкрыцці лонданскага маста Millennium у 2000 годзе, менавіта крокі людзей прывялі да яго істотнага разгойдвання», – гаворыцца ў артыкуле Daily Mail.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.