Алена Янушкоўская: Беларусы ў Кіеве хвалююцца за Беларусь
Віцебская блогерка Алена Янушкоўская – адна з тых, хто быў вымушаны ўцячы з Беларусі пад ціскам судовага і міліцэйскага пераследу. Разам з ёй у Кіеў з’ехала і яе дачка, Юлія Уласенка, з двума дзецьмі. Яе, як і маці, у Віцебску штрафавалі за ўдзел у мірных пратэстах.
Цяпер яны апынуліся ў асяродку такіх самых вымушаных уцекачоў, якія па-ранейшаму любяць краіну, з якой мусілі з’ехаць, кажа Алена Янушкоўская:
– Вельмі шмат беларусаў у Кіеве, вялізная колькасць людзей пакідае Беларусь. Гэта і адмыслоўцы, і сем’і з дзецьмі, і моладзі вельмі шмат! І, канешне, усім баліць, і размовы толькі пра падзеі на Радзіме. Са многімі ўцекачамі мы ўжо знаёмыя, і шмат іхніх гісторый, вельмі страшных гісторый, я ведаю.
55-гадовая блогерка, якую ў Віцебску каралі штрафамі і арыштамі, у Кіеве вольна ходзіць на акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Яна адзначае, што ўкраінцы ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. І хаця спаміж украінскіх мінакоў таксама сустракаюцца адданыя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі – пераважна людзі сталага веку, большасць спачувае беларусам і жадае ім перамогі. Алена Янушкоўская кажа, што тыя, хто цяпер вымушаны жыць далёка ад радзімы, мараць вярнуцца ў вольную краіну.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск