У Наваградку звольнілі супрацоўніцу музею Галіну Кавальчук



Галіну Кавальчук звольнілі з Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музею. Два гады таму ўлады прызнавалі яе найлепшай музейнай работніцай.

22 сакавіка Галіна Кавальчук дапрацоўвае апошні дзень на пасадзе старшай навуковай супрацоўніцы музею, паведаміў «Белсат». Прычына звальнення — грамадзянская пазіцыя і правядзенне ў нядзелі экскурсіяў для жыхароў Наваградку, сярод якіх былі людзі, пакараныя судом за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях».

Галіна Кавальчук працавала ў музеі амаль 22 гады. Найноўшая музейная гісторыя Наваградку звязаная менавіта з ёй. У 2019 годзе ўлады раёну прызналі Кавальчук найлепшым музейным работнікам. Але ўжо ў лютым 2021 году сказалі, што не працягнуць з ёй кантракту.

У лютым стала вядома, што з музеем развітаецца і навуковая супрацоўніца Тамара Вяршыцкая. Яна стварала ў Наваградку Музей габрэйскага супраціву і занесеная ў Кнігу гонару Наваградскага раёну. Кантракт Вяршыцкай дзейнічае да 2 красавіка 2021 году.

1 студзеня з пасады дырэктару Дому-музею Адама Міцкевіча ў Наваградку знялі Мікалая Гайбу, які кіраваў установай больш за 20 гадоў.

Сёння — апошні дзень збору подпісаў за вяртанне Галіны Кавальчук і Тамары Вяршыцкай на працу ў музей. Электронную петыцыю плануюць накіраваць у Міністэрства культуры і Горадзенскі аблвыканкам. Падпісанты адзначаюць, што звальненне дасведчаных работніц паралізуе навуковую працу музею.

Апошнія некалькі месяцаў Вяршыцкая і Кавальчук па нядзелях праводзілі для наваградцаў легальныя экскурсіі, прысвечаныя гісторыі гораду, прыкладам, пра Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах. Часта экскурсіі суправаджалі міліцыянты.

svabod1.azureedge.net