Уладзімір Вялічкін: Сітуацыя выглядае трагічна



Каля трох соцень чалавек. Такая колькасць жыхароў Берасцейскай вобласці, паводле апошніх статыстычных дадзеных рэгіянальнага аддзялення праваабарончага цэнтра „Вясна”, праходзіць па крымінальных палітычна матываваных справах.

Пра гэта паведаміў праваабаронец Уладзімір Вялічкін. Ён адзначыў, што пад крымінальны пераслед найперш трапляюць тыя, хто праяўляе сябе як актыўны грамадзянін:

– Сітуацыя выглядае трагічна. Нашы праваахоўныя ў двукоссях органы, робяць стаўку на тое, каб падавіць грамадзянскую актыўнасць у Берасцейскай вобласці. Калі браць агулам, то штодня да нас надыходзяць паведамленні, што там чалавека забралі, яшчэ недзе. Атрымліваецца, што некалькі чалавек, ад пяці і болей, выклікаюць штодня.

Уладзімір Вялічкін звярнуў увагу на тое, што зараз самыя масавыя справы – гэта карагодная справа і справа па падзеях 10-га жніўня. Па іх праходзіць да сотні чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце