За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 983 выпадкі COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 983 выпадкі COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісаныя 726 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 зніжаецца трэці дзень, да гэтага на працягу трох дзён рэгістраваўся рост захворвання. За дзень да гэтага былі выяўленыя 1.152 хворыя. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 311.428, памерла 2.166 пацыентаў з каронавірусам, паправіліся — 302.168.

За мінулыя суткі зроблена 10.617 тэстаў на каронавірус (днём раней — 18.149). Усяго з пачатку эпідэміі праведзена 5.226.399 тэстаў.

20 сакавіка ў эфіры „Радио Минск” начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Ірына Дрозд паведаміла, што трэцяя хваля пандэміі СOVID-19 можа пачацца ў Менску ў найбліжэйшыя два тыдні. Паводле яе слоў, са студзеня ў Менску адзначаецца паступовае зніжэнне захворвання на каронавірусную інфекцыю, і ў апошнія два тыдні статыстыка па захварэлых трымаецца прыкладна на адным узроўні.

„На жаль, мы не можам сказаць, што не будзе трэцяй хвалі. Пра гэта кажуць і інфекцыяністы, і эпідэміёлагі. Прычым пра гэта ідзе гаворка не толькі ў Беларусі, але і ў найбліжэйшых краінах. З-за росту захворвання ў Польшчы, Чэхіі ўвялі лакдаўн, гэта значыць захворванне там расце. Мы чакаем, што ў нас таксама будзе ўздым захворвання, так званая трэцяя хваля. Чакаем, што ў канцы сакавіка — пачатку красавіка”, — сказала спецыяліст.

Паводле яе слоў, калі будзе трэцяя хваля, то пры неабходнасці стацыянары клінічных бальніц зноў будуць перапрафіляваць пад інфекцыйныя. „Вопыт у нас ужо ёсць, мы навучыліся і ведаем, як гэта рабіць”, — падкрэсліла прадстаўнік камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

belapan.by