Урокі патрыятызму



Размовы пра патрыятызм пачынаюцца тады, калі заканчваюцца іншыя аргументы. Любоў да Радзімы – справа асабістая. Змушаць да дзяржаўнага патрыятызму яшчэ са школы… Ці варта? Калісьці расейскі палітык Леў Шлосберг раіў не блытаць дзяржаўную ідэалогію з любоўю да Радзімы (і тое відэа 2017 года стала папулярным на Ютубе!) – і з ім ахвотна пагаджаешся. Школа не месца для палітыкі ды дзяржаўнай ідэалогіі. Школа павінна даваць рознабаковыя веды, паказваць розныя варыянты развіцця падзей… І найперш важна, каб дзеці вучыліся думаць, задаваць пытанні, шукаць адказы.

І цалкам лагічна, калі настаўнік адказвае на пытанні вучняў на ўроку грамадазнаўства і паказвае ім розныя погляды на рэчы. І распавядае пра гісторыю розных сцягоў. Настаўнік са Смаргоні Андрэй Пятроўскі распавядаў на ўроку пра бел-чырвона-белы сцяг, а вучань 11 класа мясцовай гімназіі запісаў фрагменты ўрока на смартфон (https://nn.by/?c=ar&i=269949 ). Педагога з 20-гадовым стажам звольнілі, а малады “папарацы” апынуўся сынам мясцовай чыноўніцы (супала!). Смаргонь горача абмяркоўвае здарэнне (па кухнях). Такія размовы пакуль не забароненыя нашымі законамі. Таксама не забаронена было б усім настаўнікам мясцовай гімназіі, адкуль звольнілі педагога, узяць ды не прыйсці на працу, зладзіць забастоўку салідарнасці… Але ж не, мы спакойныя беларускія настаўнікі, мы не італьянцы, якія адразу ж выбухнулі б і адбілі сваіх калегаў. Не парыце гарачку, будзем і надалей гаварыць пра патрыятызм па дазволеным узоры.

Так, мы не ў Італіі, таму праз пару дзён пасля звальнення да смаргонскага настаўніка прыйшлі праваахоўнікі, правялі вобшук і канфіскавалі ноўтбук, планшэт, флэшкі і смартфон, а заўтра могуць звольніць любога іншага настаўніка і правесці вобшук дома з канфіскацыяй тэхнікі. Нічога новага пад сонцам, дарагія настаўнікі. Ва ўсёй гэтай смаргонскай гісторыі не зразумела адно: чаму гімназісту-“папарацы” было дазволена карыстацца смартфонам падчас урока. Гэта яўнае парушэнне правілаў. Вучань парушыў правілы – факт. Ён атрымае хоць адну заўвагу ад школьнай адміністрацыі? А ад свайго сумлення? Не вельмі прыемна развітвацца са школай на такой ноце. Зрэшты, каму як…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ