Ціханоўская: Мы ствараем урад для народу і нам патрэбна ваша дапамога



Беларусам патрэбна дапамога ў арганізацыі перамоваў з уладамі на міжнароднай пляцоўцы – пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская, выступаючы 22 сакавіка на другім «Форуме Каліноўскага» ў Вільні.

Ціханоўская нагадала вядомую цытату Кастуся Каліноўскага пра тое, што «не народ для ўраду, а ўрад для народу».

«Цяпер мы ствараем урад для народу. І нам патрэбна ваша дапамога. Становішча чалавека, які просіць дапамогі, вельмі ўразлівае. Ветлівая адмова — гэта тое, да чаго беларусы прывыклі.

На гэты момант наша самая вялікая слабасць — гэта час. Мы самі можам ажыццявіць гэтую мірную рэвалюцыю, але час ідзе, а лёсы людзей руйнуюцца. Людзі страчваюць жыцці, сваіх блізкіх, працу, веру. Так больш працягвацца не можа».

„Мы ўдзячныя за дапамогу, якую ўжо атрымалі. Кожны жэст салідарнасці, кожная санкцыя ў дачыненні да дыктатуры, кожны выратаваны беларускі бежанец, кожнае дзеянне, якое дапамагае выконваць правы беларусаў, на крок набліжае нас да дэмакратыі. Беларусь знаходзіцца ў працэсе мірнай барацьбы за чалавечую годнасць, свабоду, дэмакратыю, роўнасць, вяршэнства закона і правы чалавека. Гэта ўсе тыя каштоўнасці, якія вы адстойваеце тут, у Еўразвязе. Беларусь знаходзіцца на мяжы з ЕЗ. Гэтым каштоўнасцям нельга здраджваць», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: twitter.com/VCmilyte