ЗША гатовыя дапамагчы арганізаваць выбары ў Беларусі



Злучаныя Штаты Амерыкі пры неабходнасці гатовыя дапамагчы арганізаваць выбары ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, заявіла пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, выступаючы 22 сакавіка на Форуме Кастуся Каліноўскага ў сейме Літвы. Трансляцыя вядзецца на youtube-канале літоўскага парламента.

Паводле слоў дыпламата, у пачатку сакавіка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выклаў сваё бачанне знешняй палітыкі Амерыкі, падкрэсліўшы, што „праца павінна пачацца з адраджэння самай асноўнай перавагі ЗША — дэмакратыі”. „Ён прызнаў, што амерыканская дэмакратыя недасканалая, патрабуе карпатлівай працы і пастаяннага догляду, як і ўсе дэмакратыі, — сказала Фішэр. — Але тое, што мы зробім у ЗША, вельмі моцна паўплывае на нашу здольнасць паказваць прыклад устойлівасці дэмакратыі тым, хто шукае яе для сябе”.

Фішэр заявіла, што, наколькі яна бачыць, беларускі народ „не жадае ўцягвацца ў якую-небудзь глабальную гульню”, а проста хоча, каб „яго голас мог уплываць на вызначэнне сваёй уласнай будучыні”.

На мінулым тыдні, нагадала амерыканскі дыпламат, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская „папрасіла людзей прагаласаваць і дазволіць ёй як лідару апазіцыі ўступіць у агульнанацыянальны дыялог з рэжымам Лукашэнкі, каб пабудаваць шлях да новых выбараў ужо гэтай восенню, а не ў 2022 годзе”.

„ЗША рашуча падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, — заявіла пасол. — Мы паслядоўна падтрымліваем прапанову АБСЕ спрыяць такому дыялогу паміж рэжымам і апазіцыяй. Беларусы паказваюць сваю гатовасць да таго, каб спадарыня Ціханоўская распачала гэты працэс. Мы спадзяемся, што рэжым прызнае актуальнасць такой магчымасці і ў хуткім часе сядзе за стол перамоў. Час, які прайшоў з жніўня мінулага года, толькі ўзмацніў патрэбу ў рэальным удзеле беларускага народа ў гэтым працэсе”.

Паводле слоў Фішэр, у Беларусі працягваецца наступ на правы чалавека і асноўныя свабоды, па-ранейшаму ўжываецца гвалт і рэпрэсіўныя інструменты для задушэння таго, што адбываецца, і пакарання тых, хто пазбаўлены правоў на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў.

На фоне пагаршэння сітуацыі, сказала яна, прыхільнікі перамен „працягваюць настойваць на сапраўдным усёабдымным нацыянальным дыялогу”. Дыпламат папярэдзіла, што „цяперашні палітычны крызіс не вырашыць пастаноўка, у якой кажа толькі адзін бок, з якой выключаныя ўсе, хто прытрымліваецца іншых поглядаў”.

Каб стаць на шлях вырашэння крызісу, на думку Фішэр, спачатку неабходна „вызваліць усіх палітвязняў, дазволіць вярнуцца ўсім, хто быў вымушаны з’ехаць, уступіць у рэальны дыялог, які ў выніку прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў з незалежным міжнародным назіраннем”.

„ЗША працягнуць падтрымліваць прапанову АБСЕ па спрыянні нацыянальнаму дыялогу, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, — запэўніла амерыканскі пасол. — Каб гэтыя выбары прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, мы гатовыя аказаць (калі нас пра гэта папросяць) тэхнічную дапамогу для рэфармавання выбарчай сістэмы, павышэння прадстаўнічасці і адказнасці ўсяго спектру дэмакратычных палітычных партый, забеспячэння эфектыўнага грамадзянскага назірання за выбарчым працэсам, садзейнічання разнастайнаму, збалансаванаму, тэматычнаму незалежнаму асвятленню выбараў у СМІ”.

„Да таго часу ЗША разам з партнёрамі працягнуць падтрымліваць народ Беларусі і яго жаданне жыць у свабоднай дэмакратычнай і незалежнай краіне, дзе пануе вяршэнства закона. Як казаў Кастусь Каліноўскі: „Урад для народа, а не народ для ўрада”. Гэта ісціна для ўсяго свету, уключаючы Беларусь”, — падагульніла Фішэр.

18 сакавіка Святлана Ціханоўская абвясціла пра пачатак агульнанацыянальнага галасавання на платформе „Голас” за арганізацыю перамоў з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі пры міжнародным пасрэдніцтве. Вынікі галасавання, на думку ініцыятараў, павінны пацвердзіць запыт грамадства на вырашэнне крызісу шляхам перамоў, а таксама пераканаць міжнародную супольнасць узмацніць ціск на беларускія ўлады, каб падштурхнуць іх да дыялогу. Блізу 17.00 22 сакавіка колькасць тых, хто прагаласаваў, перавысіла 672 тыс., прыблізна 99% з іх выступаюць за перамовы.

БелаПАН