Заўтра пачнецца судовы працэс над пінчукамі-пратэстоўцамі
Ужо заўтра, 23 сакавіка, у Берасці пачнецца судовы працэс над пінчукамі-пратэстоўцамі. Чатырнаццаці жыхарам Пінска пагражае ад трох да васьмі гадоў турмы за ўдзел у стыхійным мітынгу 9 жніўня, які скончыўся сутычкамі з міліцыянтамі. Раней чакалася, што суд пройдзе ў Пінску, але мясцовыя суддзі не ўзяліся за справу.
Праваабаронца Алесь Рамановіч кажа, што калі б працэс адбываўся на месцы, то адназначна была б вялікая падтрымка, а так прыйдзецца ездзіць у Берасце:
– Я тут заклікаю пінчукоў саміх паехаць, мы не можам арганізаваць транспарт мэтанакіравана, як тыя футбольныя аматары, што ездзяць на гэтыя суды. Кожны можа прыехаць у гэтыя дні, калі будуць суды, – хтосьці на адзін дзень, хтосьці на два дні падтрымаць.
Заклікаю пінчукоў прыехаць і падтрымаць, тым больш 23 сакавіка мы ўжо будзем ведаць адкрыты ці закрыты суд. Будзе інфармацыя. Я думаю, што хлопцам вельмі патрэбна будзе гэтая падтрымка.
Суразмоўца дадае, што акрамя сваякоў у Берасце на суд будуць выязджаць пінскія валанцёры, якія аказваюць дапамогу рэпрэсаваным і іх сем’ям.
Беларускае Радыё Рацыя