Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Металург” у трэцім матчы паўфінальнай серыі



Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Металург” у трэцім матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі з лікам 4:0.

З першых хвілін менскія хакеісты далі зразумець супернікам сур’ёзнасць сваіх намераў. Іх перавага не выклікала ніякіх сумневаў. Ужо на пятай хвіліне шайбай Дзяніса Мінгалеева «Юнацтва» адкрыла лік. Праз сем хвілін сталічная дружына падвоіла сваю перавагу. Галявы дубль аформіў Мінгалееў. У другім перыядзе госці працягнулі актыўна атакаваць, але закінулі толькі аднойчы Максім Расейкін дабіў шайбу ў брамку пасля далёкага кідка Мікіты Сіроціна. У заключнай трэці паядынку менчукі гулялі па ліку, кантралюючы сітуацыю на пляцоўцы і не занадта фарсіравалі падзеі ў атацы. Тым не менш Кірыл Цюцяеў знайшоў магчымасць вызначыцца і ўсталяваць канчатковы лік у матчы. Менская каманда павяла ў серыі да чатырох перамог 2:1. Наступны матч 24 сакавіка таксама пройдзе ў Жлобіне.

Вольга Гаварцова выйграла стартавы матч кваліфікацыі буйнога турніру ВТА ў Маямі

На старце кваліфікацыі ў асноўную сетку турніру ў Маямі серыі „WTA-1000” з прызавым фондам 3 мільёны 260 000 даляраў беларуска Вольга Гаварцова  нанесла паразу італьянцы Марціне Трэвізан з лікам 4:6, 6:1, 7:6 ( 7: 4).  Матч працягваўся 2 гадзіны 34 хвіліны. У вырашальным паядынку Гаварцова сустрэнецца з балгаркай Цвятанай Піронкавай.

Жаночая зборная Беларусі па гандболе згуляе з камандай Чарнагорыі за выхад на ЧС-2021

У Вене адбылося лёсаванне плэй-оф кваліфікацыі жаночага ЧС-2021 па гандболе. Зборная Беларусі згуляе з камандай Чарнагорыі. Першы матч пройдзе ў гасцях 16/17 красавіка, а матч у адказ – 20/21 красавіка. Пераможца стыкавога матчу выйдзе ў фінал турніру жаночага ЧС-2021.

Экіпіроўку для нацыянальнай каманды на Гульні ў Токіо прэзентавалі ў Менску

Прэзентацыя экіпіроўкі для нацыянальнай каманды Беларусі на Гульні ў Токіо, прымеркаваная да 30-годдзя НАК, адбылася ў сталічным спартова-забаўляльным комплексе Falcon Club Arena. На распрацоўку дызайну экіпіроўкі супрацоўнікі НАК са спецыялістамі прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства „Сола-Пінск” выдаткавалі два гады. Камплект формы складаецца з 44 прадметаў. Улічаны сучасныя тэндэнцыі спартовай моды, пажаданні беларускіх алімпійцаў і кліматычныя ўмовы ў месцы правядзення Алімпіяды. Упершыню ў гісторыі на XXXII Алімпіядзе ў Токіо каманда Беларусі выступіць пад брэндам Team BY, які быў прадстаўлены грамадскасці ў канцы 2018 года. За аснову лагатыпа узяты бусел – сімвал Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com/hcyunostminsk