Алесь Бяляцкі: Нам патрэбна падтрымка нашых суседзяў



Як дапамагчы беларусам і вывесці краіну з крызісу. Пра гэта гаварылі падчас Форуму Каліноўскага, які ладзіў напярэдадні літоўскі Сейм у супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай.

Алесь Бяляцкі з прэм’ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманітэ (Фота: facebook.com/Bialiatski)

Сярод удзельнікаў форуму быў старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі. Ён распавёў пра тую працу, якую выконвае “Вясна” па дакументаванні пераследу беларусаў рэжымам Лукашэнкі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў.

„Нам патрэбна падтрымка нашых суседзяў, Еўразвязу і Злучаных Штатаў. Мы чакаем мацнейшага, больш інтэнсіўнага ціску на беларускі рэжым. Мы таксама чакаем, што міжнародная супольнасць будзе дамагацца вызвалення палітвязняў у Беларусі”, – сказаў Бяляцкі падчас свайго выступу.