Кацярына Сныціна абвясціла пра завяршэнне кар’еры ў зборнай Беларусі
Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы 2007 года і ўдзельніца Алімпіяды-2008 Кацярына Сныціна абвясціла пра завяршэнне кар’еры ў зборнай Беларусі.
«Я прыняла рашэнне больш не выступаць за нацыянальную каманду і афіцыйна абвяшчаю аб завяршэнні кар’еры ў зборнай Беларусі. Гэта абдуманае і адназначнае рашэнне. Я не хачу больш прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў той час, як мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей беспакарана забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах. Колькі б чыноўнікі ні сцвярджалі, што спорт па-за палітыкай, менавіта ў нашай краіне спорт – гэта прапаганда рэжыму, і я не мае намеру быць яе часткай», – напісала Сныціна ў сваім „Інстаграм”.
Вікторыя Чайка стала бронзавай прызёркай этапу КС па кулявой стральбе
Вікторыя Чайка паспяхова выступіла на этапе Кубка свету ў Нью-Дэлі (Індыя), заняўшы трэцяе месца. Гэты вынік дазволіў беларусцы атрымаць ліцэнзію на Алімпійскія Гульні ў Токіо. У фінале практыкаванні ПП-2 лепш Вікторыі Чайкі выступілі толькі прадстаўніцы Індыі Яшасвіні Сінгх Десвал і Ману Бакер. Для беларускай каманды па кулявой стральбе гэта ўжо трэцяя алімпійская ліцэнзія. У стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох палажэнняў пропуск на Гульні зарабілі Юрый Шчарбацэвіч і Марыя Мартынава.
Адбылося лёсаванне „фіналаў чатырох” сярод мужчынскіх і жаночых каманд
У офісе БФГ адбылося лёсаванне „фіналаў чатырох” Кубка Беларусі сезона 2020/2021 сярод мужчынскіх і жаночых каманд. Па яго вынікам былі вызначаны паўфінальныя пары, інфармуе федэрацыя гандбола. У мужчын у паўфіналах згуляюць Гомель – Мяшкоў Брэст, Машэка – СКА-Мінск. Месца правядзення будзе вызначана пазней. У жанчын Гомель згуляе з Гараднічанкай, а Вікторыя-Бярэсце з БНТУ-БелАЗ. Месца правядзення – Берасце, Палац спорту „Вікторыя”.
„Крумкачы” арандавалі Шубовіча ў „Руха”
„Рух” і „Крумкачы” дасягнулі пагаднення аб арэндзе 20-гадовага абаронцы Уладзіслава Шубовіча. Кантракт з камандай першай лігі разлічаны да канца гэтага года, паведамляе прэс-служба берасцейскага клуба. У 2020 годзе футбаліст на правах арэнды перайшоў у „Граніт”. У складзе мікашэвіцкага клуба гулец адыграў 19 афіцыйных паядынкаў, забіў адзін гол і аддаў шэсць выніковых перадач.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя