Рыгор Кастусёў: Галасаванне паказвае – нас многа



Перамовы, як шанец на выхад з крызісу. Беларусы працягваюць галасаваць за ініцыятыву Святланы Ціханоўскай. Па стане на 23 сакавіка за перамовы з уладай прагаласавалі больш за 700 тысяч чалавек. З іх толькі крыху больш за 8 тысяч чалавек выступілі супраць перамоў. Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў таксама прыгадвае, як пасля выбараў 2020 года рэгіянальныя актывісты партыі звярталіся да ўладаў з ініцыятывай стварэння мясцовых дыялогавых пляцовак. Але ўлады адказалі не адэкватна – пачалі пераследваць актывістаў і нават, напрыклад, Вітольд Ашурак у Лідзе быў асуджаны на турэмнае зняволенне. Далей няма адказу на пытанне, як да перамоваў схіліць беларускія ўлады, кажа палітык.

– Беларускія ўлады ні на якія перамоўныя працэсе не пойдуць. Я зараз таксама не чакаю зменаў у падыходах беларускіх уладаў. І зразумела, што і на цяперашняе патрабаванне яны негатыўна адрэагуюць. Я, аднак, у той жа час бачу карысць такога галасавання ў тым, што галасаванне паказвае – нас многа, тых людзей, якія не задаволены палітыкай беларускіх уладаў, якія не задаволены паводзінамі беларускіх уладаў, якія не задаволены тым гвалтам, што адбываецца ў нашай краіне. І я думаю, што такіх людзей будуць мільёны.

Агульнанацыянальнае галасаванне, якое раней абвясціла Святлана Ціханоўскай, скончыцца 25 сакавіка. Галасаванне пры падтрымцы Каардынацыйнай рады, ByPol і іншых арганізацый адбываецца на платформе «Голас».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя