На Глыбоччыне актывісты атрымліваюць “повески” на 25 сакавіка
Напярэдадні Дня Волі ў Глыбокім участковыя інспектары ды іншыя сілавыя структуры папярэджвалі актывістаў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. А 23 сакавіка позна ўвечары міліцыянты пачалі развозіць па дамах позвы актывістам за подпісам начальніка Глыбоцкага РАУС Валерыя Круклінскага. Што цікава, усіх іх запрашаюць на адно і тое ж чысло і час у якасці сведак – 25 сакавіка а 10-й гадзіне раніцы.
Як кажа Яраслаў Берніковіч, да яго ў вёску міліцыянты прыехалі каля 21 гадзін вечара і ўручылі яму “повеску”:
– Так позна, стараюцца, усіх аб’ехаць трэба. Да ўсіх прыходзілі, і да Шэлепня, усім развозяць “повески”, без літары Т. Усунулі ў рукі: мы – выканаўцы, мы не ведаем, падпішыце. І пайшлі.
РР: Участковыя ці хто?
– Не, два старлеі маладыя ў масках. Адзін прадставіўся Івашчанкам. Пытаюся, вы што, хочаце шэсце і мітынг зладзіць у РАУСе, што ўсіх запрашаеце? Адказваюць, што не ведаюць, што яны выканаўцы і ім толькі позву трэба аддаць.
Апошнім часам усіх актыўных грамадскіх актывістаў з Глыбокага міліцыянты выклікалі па спісу на прафілактычныя гутаркі або прыходзілі да іх дадому. Ім давалі паперы на подпіс, адзін актывіст адмовіўся падпісваць паперы. За гэта Аляксандра Шэлепня ўлады пасадзілі на двое сутак і прысудзілі штраф 22 базавыя велічыні.
На мінулых выходных у Глыбокім з’явіліся на платах выявы бел-чырвона-белых сцягоў і надпісы “Далучайся 25.03” ды іншыя. Таму, напэўна, сілавыя структуры і пачалі такую актыўную папераджальную дзейнасць перад Днём Волі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя