Гародня: правакатаркі спрабавалі ўварвацца ў “Адметнасць”
У гарадзенскую краму нацыянальных колераў “Адметнасць” спрабавалі ўварвацца прадстаўнікі так званага “рускага свету” з каларадскімі стужкамі і значкамі “НОД” (национально-освободительное движение).
Пра тое, што адбылося ў краме, распавядае яе ўладальніца – Вольга Верамеенка:
– Завіталі некалькі дзіўных жанчын у вельмі ўзбуджаным стане з нейкімі палкамі. Іх было каля сямі чалавек. Агрэсіўна настроеныя, з відэакамерамі. Пачалі ламіцца да нас у краму, крычалі, грукалі. Але я іх не пусціла, бо, па-першае, санітарныя нормы не дазваляюць у нашай краме знаходзіцца больш за чатыры чалавекі, а па-другое, людзі агрэсіўна настроеныя з нейкімі металічнымі палкамі абкручанымі.
Па словах Вольгі Верамеенкі, яна праз некаторы час пусціла ў краму некалькі жанчын, пры ўмове, што тыя будуць паводзіць сябе тактоўна:
– Крычалі: “Фашисты!”. Стукалі ў дзверы. Дзвюх жанчын я пусціла. Яны сказалі, што хочуць паглядзець і не будуць здымаць. Я сказала, што калі яны сябе будуць ціха паводзіць, то пушчу. Яны зайшлі, паглядзелі. Я спыталася, навошта яны прыйшлі? Яны сказалі, што хочуць паглядзець. Людзі “спрашивают”. А што людзі “спрашивают» – невядома. Запыталіся, ці ёсць у нас сімволіка зялёна-чырвоная. Я адказала, што такая сімволіка прадаецца ў дзяржаўных крамах.
Вольга Верамеенка лічыць гэту сітуацыю правакацыяй “ рускага свету” напярэдадні Дня Волі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня