З дзесяці адвакатаў камісію пры Мінюсце прайшлі толькі двое



З дзесяці адвакатаў, выкліканых 24 сакавіка на пазачарговую кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі, прайсці яе змаглі толькі двое.

Як паведаміла ў тэлеграм-канале прэс-служба Мінюста, камісія разгледзела пытанні спынення дзеяння ліцэнзій на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

Адзначаецца, што ў другім паўгоддзі 2020 года была праведзеная выбарачная праверка дзейнасці Менскай абласной калегіі адвакатаў па выкананні адвакатамі ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці. Падчас праверкі „выяўленыя факты парушэння асобнымі адвакатамі заканадаўства аб адвакатуры”, што з’явілася падставай для правядзення пазачарговай атэстацыі.

„Таксама праведзеная пазачарговая атэстацыя адваката Зікрацкага С.А., падставай для правядзення якой паслужылі факты, што сведчаць аб неналежным выкананні названым адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Мінюсце сцвярджаюць, што падчас атэстацыі некаторыя адвакаты „паказалі нізкі ўзровень ведаў дзейнага заканадаўства, неабходных для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, што сведчыць аб іх недастатковай кваліфікацыі”.

Такім чынам, па выніках пазачарговай атэстацыі прынятае рашэнне аб адпаведнасці адвакатаў Вадзіма Карабко і Сяргея Новікава патрабаванням заканадаўства. Умоўна атэстацыю прайшлі Андрэй Белахвост, Аляксандр Емяльяненка і Аляксей Цітоў (з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў). Адвакаты Сяргей Зікрацкі, Уладзіслаў Філіповіч, Вольга Баранчык і Барыс Ляскоўскі пераатэстацыю не прайшлі „з прычыны недастатковай кваліфікацыі”.

Акрамя таго, адзначылі ў прэс-службе, кваліфікацыйная камісія разгледзела матэрыялы ў дачыненні да адваката Менскай абласной калегіі адвакатаў Сяргея Пічухі. Падставай для разгляду гэтага пытання паслужыў факт здзяйснення Пічухам „адміністрацыйнага правапарушэння, што выявілася ў парушэнні ўсталяванага парадку правядзення мітынгу”. У выніку камісія прыйшла да высновы, што гэта правіна „не сумяшчальная са званнем адваката і цягне спыненне дзеяння ліцэнзіі”.

Таксама камісія пры Мінюсце разгледзела матэрыялы аб спыненні дзеяння ліцэнзій адваката палітыка Мікалая Статкевіча і блогера Дзмітрыя Казлова Уладзіміра Сазанчука і неатэставаных у пачатку сакавіка адвакатаў Андрэя Барташэвіча, Алены Шынкарэвіч і Мікалая Ёткі. Рашэнне — немагчымасць працягнуць ліцэнзіі.

Масавая атэстацыя адвакатаў, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю па палітычна матываваных справах, пачалася 3 сакавіка. Тады з сямі выкліканых на камісію адвакатаў яе прайшоў толькі адзін, трое не былі атэставаныя і яшчэ трое прайшлі атэстацыю ўмоўна.

За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі КалеснікавайАляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых абаронцаў КалеснікавайІллі Салея і Максіма Знака — распачатыя крымінальныя справы.

Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан і іншыя.

У абарону беларускіх адвакатаў выступілі Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA), Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Фонд Дж.Клуні „За справядлівасць” (CFJ), арганізацыя Lawyers for Lawyers (Нідэрланды) разам з юрыдычным таварыствам Англіі і Уэльса, Савет адвакатур і юрыдычных асацыяцый Еўропы (CCBE), Хельсінкскі фонд правоў чалавека, а таксама аўтарытэтныя расейскія адвакаты.

Пра ціск на беларускіх адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у гучных палітычных справах, гаварылася ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2020 год, падрыхтаваным да 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (прайшла 22 лютага — 23 сакавіка ў Жэневе).

БелаПАН