Барыс Хамайда віншаваў віцяблян з Днём волі. Яго затрымалі
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер выйшаў да дому №28 на вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае беларускія выданні.
Сёння ён узяў з сабой выяву Пагоні – каб нагадаць мінакам пра свята. Барыс Хамайда распавёў, што на гэтым месцы ён адзначае Дзень волі ўжо 31-ы раз:
– 31-й мой Дзень волі свядомы! Я памятаю, у пачатку 1990-х, і напрыканцы 1990-х шмат народу выходзіла, і больш святочна было! Ох, у мяне столькі сцягоў забралі за ўсе гэтыя гады! Я памятаю, мы выходзілі са сцягамі, у нас іх забіралі, дрэўкі ламалі. Бо яны не ўлазілі ў міліцэйскія машыны.
Гэтым разам таксама не абышлося без затрымання: Барыс Хамайда толькі паспеў раскрыць свой бел-чырвона-белы парасон, як да яго падышлі супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС і загадалі збірацца ў пастарунак. Выява Пагоні таксама апынулася ў райаддзеле міліцыі.
У апазіцыянера запатрабавалі тлумачэнняў, што ён рабіў на вуліцы Леніна, аднак ніякіх пратаколаў не складалі. Праз тры гадзіны Барыса Хамайду адпусцілі, папярэдзіўшы, што новая спроба стаць у цэнтры гораду з Пагоняй зноў скончыцца затрыманнем.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск