Пра забароненае свята



У дзяржаўных СМІ пра свята Дзень Волі, як заўжды, нічога. У дзяржаўных СМІ гэтае свята не ўзгадваецца: там збольшага пра сельскую гаспадарку, міжнародны дзень барацьбы з сухотамі ці гульню футбалістаў Беларусі і Гандураса. Улады так баяцца БНР, што нават не могуць сказаць “Беларуская Народная Рэспубліка”. Так і гавораць “25 сакавіка”. Альбо зусім нічога не гавораць. Такое адчуванне, калі яны скажуць “Дзень Волі”, то адразу пераўтворацца, як у той казцы, у пратэстоўца.  

103-я ўгодкі Дня Волі ў Беларусі прайшлі пад суцэльнай забаронай. Правядзенне масавых мерапрыемстваў з нагоды забаранілі паўсюль, дзе прасілі на яго дазвол. Больш за тое, ужо напярэдадні Дня Волі па ўсёй краіне пракаціліся затрыманні і ператрусы. Некаторых актывістаў забіралі проста з паліклінікі. Напрыклад, сябру АГП Аляксандра Елісеева міліцыя забрала з-пад кропельніцы ў лякарні, дзе ён праходзіў лячэнне. У Валожыне мужчыну затрымалі ў паліклініцы і асудзілі на 15 сутак за чырвоную паласу на ўласным гаражы. Але вішанька на торце – гэта арышт за сцяг Канады, вывешаны грамадзянамі ў акне. Як бачым, улады напярэдадні свята перастрахоўваліся, як маглі. Нават адправілі свой дэсант пікетаваць пасольствы ЗША, Украіны і Польшчы. Зразумела, такія акцыі прайшлі без затрыманняў. На што пасольства ЗША у твітары напісала, што падтрымлівае мірныя сходы і заклікае распаўсюдзіць гэтыя правы на ўсіх беларусаў. Хаця наўрад ці ўлады Беларусі прыслухаюцца да падобных заклікаў. Але што б яны ні рабілі, свята будзе жыць і надалей. І больш за сто год існавання таму доказ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ