Лявона Карповіча адпусцілі, але будуць судзіць (абноўлена)



У Мастоўскім РАУСе на Лявона Карповіча склалі пратакол за нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства – пікету. „Пікетам” міліцыянты палічылі вывешаны на доме бел-чырвона-белы сцяг. Судовае паседжанне прызначана на 26 сакавіка ў Мастоўскім раённым судзе, яго пачатак – 10.00. Лявон Карповіч знаходзіцца зараз на волі.

***

У мястэчку Луна на Мастоўшчыне міліцыя затрымала вядомага грамадскага актывіста і філатэліста Лявона Карповіча. Пра гэта паведамляе „Гарадзенская вясна”.

У хату Карповічаў прыехалі трое міліцыянтаў. Яны знялі з дому бел-чырвона-белы сцяг і правялі ператрус. „Служыцелі парадку” пасля ператрусу забралі з дому кампутар, прынтар, герб „Пагоня”, які вісеў на сцяне, нацыянальныя сцяжкі, розныя налепкі.

Лявона Карповіча пасадзілі ў машыну і павезлі ў Мастоўскі РАУС. Вельмі імаверна, што сёння яму прысудзяць адміністрацыйны арышт.