Рэальны памер пенсій у Беларусі зніжаецца другі месяц запар
Рэальны памер пенсій (з улікам росту цэн) у лютым 2021 года знізіўся ў параўнанні са студзенем на 1,9%, сведчаць звесткі Белстата. У параўнанні з лютым мінулага года рэальны памер пенсій вырас на 2,6%.
У снежні 2020 года ў параўнанні з лістападам рэальны памер пенсій вырас на 4,1%, у студзені — знізіўся на 1,1%.
На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў лютым 2021 года знаходзілася 2 млн 477,5 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 482,6 рубля, што ў 2,4 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада 2020 года падпісаў указ № 409, якім прадугледжваўся пераразлік працоўных пенсій і іх павышэнне 1 снежня. Згодна з дакументам, працоўныя пенсіі выраслі ў сярэднім на 5,4% (з 458,25 рубля ў лістападзе да 483 рублёў у снежні).
Падчас выступлення на VI Усебеларускім народным сходзе ў лютым Лукашэнка прапанаваў „паэтапна ўкараняць элементы назапашвальнай пенсійнай сістэмы”, пры гэтым яму „бачыцца слушным захаваць статус дзяржавы як апоры гарантаванай пенсійнай падтрымкі”.
„Дзяржава выконвае свае абавязацельствы па пенсійным забеспячэнні, дастасоўваючыся да новых рэалій. З 2018 года рост пенсій апярэджвае інфляцыю. Але трэба прызнаць, што цяпер узровень пенсій не такі высокі, як хацелася б, таму я прапаную працягнуць удасканаленне пенсійнай сістэмы”, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, прапанавана падрыхтаваць праграму „3+3”, яе сутнасць у тым, што работнік зможа пералічыць на свой асабісты пенсійны рахунак да 3% зарплаты, столькі ж дадасць працадаўца.