БАЖ: Гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы
Затрыманага 25 сакавіка гарадзенскага журналіста і члена праўлення неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анджэя Пачобута перавезлі ў Менск і дапыталі ў цэнтральным апараце Следчага камітэта, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Паводле інфармацыі БАЖ, Пачобут затрыманы на 72 гадзіны ў рамках крымінальнай справы.
Раніцай 25 сакавіка ў кватэры Пачобута прайшоў трохгадзінны вобшук. Канфіскаваныя два ноўтбукі, жорсткія дыскі, сем старых тэлефонаў, польскамоўная літаратура, бэйджы з канферэнцый, усе дакументы на польскай мове, уключаючы дакументы дачкі, і ўзнагароды польскага конкурсу GrandPress. Паводле слоў жонкі журналіста, вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справы „за распальванне варожасці” (арт. 130 КК). Пачобута пасля вобшуку павезлі.
Генпракуратура паведаміла, што распачала ў дачыненні да старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс і „іншых асоб” справу па ч. 3 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).
У ведамстве сцвярджаюць, што „грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза”, з 2018 года правялі ў Гародні і Гарадзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны і якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. „Іх дзеянні пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.
Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Гародні, на наступны дзень суд арыштаваў яе на 15 дзён за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага свята рамёстваў „Гродзенскія Казюкі — 2021”. Пасля арышту СПБ заявіў, што „пераслед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задач СПБ, а менавіта захаванне польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасці”, з’яўляецца „актам запалохвання ўсёй польскай меншасці ў Беларусі”.
Неўзабаве пасля затрымання Борыс МЗС Польшчы выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі і выказаў пратэст у сувязі з сітуацыяй. Пазней міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау заявіў, што затрыманне і рашэнне суда ў дачыненні да Анжалікі Борыс недапушчальныя і супярэчаць міжнародным стандартам. Кіраўнік польскай дыпламатыі паведаміў, што 24 сакавіка падняў гэтае пытанне на сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА ў Бруселі, а таксама на перамовах з вярхоўным прадстаўніком ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем і дзейным старшынёй АБСЕ Ан Ліндэ.
МЗС Польшчы заявіла, што не пакіне без рэакцыі затрыманне Пачобута.
25 сакавіка Жазэп Барэль выступіў з заявай, у якой звярнуў увагу на „далейшую эскалацыю рэпрэсій супраць беларускага народа, у тым ліку арганізаваныя кампаніі пераследу праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”.
Ён заявіў, што Еўразвяз чакае ад Беларусі выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў па павазе правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама заклікаў „неадкладна і безумоўна вызваліць Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута, а таксама ўсіх палітычных зняволеных, якія знаходзяцца цяпер пад вартай”.
Еўразвяз, паводле слоў Барэля, „па-ранейшаму перакананы ў тым, што ўсёабдымны нацыянальны дыялог мае вырашальнае значэнне для ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі”. „ЕЗ па-ранейшаму гатовы аказаць падтрымку і заклікае беларускія ўлады выкарыстаць усе прапанаваныя магчымасці, уключаючы садзейнічанне з боку АБСЕ”, — дадаў вярхоўны прадстаўнік Еўразвяз.
Даведка БелаПАН. Да 2005 года ў Беларусі існаваў адзін Саюз палякаў. Пасля яго расколу ў краіне дзейнічаюць два саюзы — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць польскія ўлады. Анжаліка Борыс узначаліла неафіцыйны СПБ адразу пасля расколу (да 2010 года і з 2016-га).