Думкі пра Дзень Волі і новых палітычных



Можна доўга спрачацца пра тое, што ж важней – дух або матэрыя, але без першага падчас немагчыма прачнуцца раніцай, выпіць кавы і пайсці да справаў!

Не было б галадоўкі вядомых палітычных вязняў – атрымалі б яны шмат большыя тэрміны… Не было б калісьці БНР, пра БССР не было б і размовы… Ну і тых, хто цвёрда трымаўся на допытах у той самай савецкай Беларусі, часцей пакідалі ў жывых, хоць, безумоўна, нельга ставіць чалавека ў бесчалавечныя ўмовы і патрабаваць захоўваць сілу духа ў вар’ятні. Бадай, гэта проста адказ адэптам чаркі і скваркі, якія прызнаюць адно сілу, баяцца праўды і збіраюць вайсковую тэхніку ў цэнтры сталіцы штогод 25 сакавіка, у Дзень волі… Дзень, калі рамантыкі распачалі беларускую справу на дзяржаўным узроўні.   

25 сакавіка ў Беларусі з’явілася трое новых палітвязняў. Адзін з іх – заснавальнік і выдавец некалі вельмі папулярнай “Новой газеты Сморгони”, а цяпер мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Рамуальд Улан. Чалавек быў вымушаны кінуць сям’ю і працу ды ехаць са Смаргоні ў Гомель адбываць хімію. За што? Суд пакараў мужчыну “2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса” за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах. Нават аўтарам налепак спадар Улан не быў.

Куды? Адкуль?.. –

маўчанне.

Не дасць адказу час.

Стаю – і сам пытанне,

іду – і сам адказ.

Алесь Разанаў таксама калісьці быў рэпрэсаваным за погляды студэнтам, як і прызнаны ўчора “палітычным” Ілля Тананка. Добра, што мы не ведаем таго, што будзе заўтра. Ёсць шанец на імправізацыю. Ёсць надзея на лепшае. Ёсць магчымасць нешта рабіць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ