Праваабаронцы паведамляюць пра 200 затрыманых у суботу (абноўлена)



Праваабаронцам вядомыя прозвішчы амаль 200 чалавек, якія былі затрыманыя 27 сакавіка ў Менску. Спіс абнаўляецца на сайце праваабарончага цэнтра „Вясна”. Міліцыя яшчэ раней паведамляла пра больш за 100 затрыманых. Каля трох дзясяткаў з 197 вядомых звтрыманых адпусцілі пасля складання пратаколаў, на некаторых іх не складалі.

Сярод затрыманых былі рэдактаркі партала tut.by Ганна Калтыгіна і Галіна Уласік, а таксама тры супрацоўнікі інтэрнэт-выдання nn.by: галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, рэпарцёрка Кацярына Карпіцкая і фатограф Надзея Бужан. Большасць з іх затрыманыя ў раёне плошчы Бангалор. Пазней Карпіцкую, Бужан, Марціновіча, Калтыгіну і Уласік адпусцілі.

У той жа час Міністэрства ўнутраных спраў у сваім тэлеграм-канале заявіла, што інфармацыя пра масавыя затрыманні каля плошчы Бангалор „не адпавядае рэчаіснасці, роўна як і пра перакрыццё руху ў раёне Кастрычніцкай плошчы”.

Паводле звестак МУС, ва ўсіх рэгіёнах краіны „не зафіксавана ні аднаго несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”. „Невялікія па колькасці групы з незарэгістраванай сімволікай заўважаныя ў Менску, некаторыя пратэстоўцы дастаўленыя ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для разбору. Таксама ў некаторых раёнах сталіцы былі затрыманыя асобы з колюча-рэжучымі прадметамі і пісталетамі”, — падкрэслілі ў міністэрстве.

Калоны спецтэхнікі, аўтазакаў, міліцэйскіх аўтобусаў і мікрааўтобусаў заўважаныя па ўсім цэнтры Менска. На некаторых вуліцах сілавікі спыняюць прахожых, правяраюць заплечнікі і тэлефоны.

Напярэдадні тэлеграм-каналы анансавалі ў Менску акцыю, прымеркаваную да Дня Волі — 103-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адзначалася 25 сакавіка.

Упраўленне Следчага камітэта па Менску распачало крымінальную справу па факце размяшчэння заклікаў у тэлеграм-каналах, у тым ліку прызнаных на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкімі, да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 27 сакавіка. СК у сваім тэлеграм-канале папярэджвае, што „асобы, якія паддадуцца згаданым заклікам і возьмуць удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці”.