Алена Анісім: Абмяркуем пытанні эканамічнай бяспекі краіны



Эканамічны стан Беларусі, праблемы і шляхі вырашэння, прыватны бізнес у сучасных умовах, ды першыя вынікі і наступствы далучэння Беларусі да Еўраазійскага эканамічнага саюзу. Гэта галоўныя пытанні, якія абмяркуюць у час чарговай сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Эканамічная бяспека краіны – гэта аснова і грунт незалежнасці, – кажа каардынатарка рады кангрэсу Алена Анісім.

– Гэта тое, што рупіць, гэта тое, што трывожыць кожнага грамадзяніна, бо калі ў нас бяруцца крэдыты і кожны грамадзянін, толькі нарадзіўшыся, ужо мае нейкую пазыку, то гэта, канешне, не можа не турбаваць. Фактычна нібыта мы кажам пра стабільную сітуацыю, у той жа час адбываецца вельмі вялікі эканамічны спад. Таму трэба напружыць усе інтэлектуальныя сілы, трэба сесці і спакойна паразмаўляць, паразважаць, прыкінуць і шукаць выйсце з гэтага.

Пасяджэнне сесіі па эканамічных пытаннях Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць адбудзецца ў бліжэйшую суботу, 14 сакавіка, у Менску. Паводле яго вынікаў плануецца прыняць адпаведны план дзеянняў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя