Моладзь Гарадзеншчыны незадаволена рухам цягнікоў



Жыхары Слоніма, Зэльвы і Ваўкавыска, найперш моладзь, устрывожаны тым, што Беларуская чыгунка адмяніла рух некаторых цягнікоў па маршруце Гародня-Ваўкавыск-Слонім-Менск.

^772EC2263EE570F9F4B94ED15EEB233DBDA7CB47934B489B4D^pimgpsh_fullsize_distr

Зусім нядаўна Беларуская чыгунка пусціла новы цягнік Гародня-Менск праз Ліду і Маладзечна, а Ваўкавыск, Зэльва і Слонім засталіся ўбаку. Хаця праз Ліду сёння на Менск рухаецца 5 цягнікоў, а праз Маладзечна 19 цягнікоў і 23 дызелі. А праз Ваўкавыск, Зэльву і Слонім, дзе разам пражываюць каля 200 тысяч чалавек, ідзе толькі 2 цягнікі: адзін у 02.11 ночы, другі па выхадных днях і прыязджае ў Менск у 00:08. Дызелі, якія ідуць у накірунку Гародня-Ваўкавыск-Зэльва–Слонім-Баранавічы пастаянна скарачаюць, а для тых, якія ёсць – зусім непрадуманы іх час адпраўлення і руху. Вячэрні дызель прыязджае ў Баранавічы ў 19:15, дызель з Баранавіч у 20:37. Такім чынам, каб даехаць са Слоніма ў Менск (190 км) неабходна затраціць больш за 5 гадзін.

Раней курсіраваў ранішні цягнік са Слоніма і Ваўкавыску, але гэты маршрут ліквідавалі. Два гады таму курсіраваў цягнік Гародня-Феадосія, які карыстаўся вялікім попытам у пасажыраў са Слоніма, Зэльвы і Ваўкавыска, але і яго ліквідавалі.

Жыхары Ваўкавыска, Зэльвы і Слоніма пачалі збор подпісаў у адрас Беларускай чыгункі, каб яе кіраўніцтва тэрмінова пераглядзела рух цягнікоў праз Слонім, Зэльву і Ваўкавыск. Калі гэтага не адбудзецца, моладзь заходніх рэгіёнаў Беларусі пойдзе на самыя рашучыя меры.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя