Вулічны музыка: людзі чакаюць новых песень пра перамены



Аляксей Нябоська мае юрыдычную адукацыю, але працуе кіроўцам аўтобуса. Праўда, гэтая праца не прыносіць вялікіх прыбыткаў, і хлопец стаў вулічным музыкам: спявае і грае на гітары для гараджан. 

Пасля падзеяў, звязаных з наступствамі прэзідэнцкіх выбараў, музычныя ўпадабанні ягоных слухачоў істотна змяніліся, кажа музыка:

– Раней прасілі: “Давай Круга”, “давай Трафіма”, “давай “Бутырку”! А пасля 9-га жніўня: “Давай “Перамен”, “давай  “Разбуры турмы муры”… Густы змяніліся, прычым у звычайных віцебскіх кліентаў, таму што час такі … Песня “Перамен” стала папулярнай у патрэбны момант – тады была “перабудова”, і гэта было актуальна. Але прайшло ўжо 30 гадоў, і трэба новыя песні пісаць, песні і вершы.

Аляксей Нябоська згадаў, што ў часы маладосці яны з сябрам стварылі групу, якая спявала ў тым ліку і песні на беларускай мове. Ён мяркуе, што цяпер якраз той момант, калі людзі будуць з задавальненнем слухаць спевы па-беларуску. А таксама вулічны музыка напісаў і некалькі новых песень – “Жыве Беларусь” і “БЧБ-героі”, прысвечаную памяці Рамана Бандарэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск