Студэнтку, якая здымала Ніну Багінскую, пасадзілі на 15 сутак



На 15 сутак арыштаваная студэнтка Марыя Ціханава, якая здымала ў Менску матэрыял для сваёй курсавой працы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У тэлеграм-каналах 25 сакавіка было апублікаванае відэа, на якім зафіксаваны факт затрымання Ціханавай у Дзень Волі на сталічным праспекце Незалежнасці сілавіком у балаклаве. На відэа бачна, як дзяўчына з фотакамерай ідзе ззаду вядомай у Беларусі актывісткі Ніны Багінскай, а чалавек у балаклаве нечакана хапае Ціханаву за шыю і выцягвае яе з кадра.

Ураджэнка Магілёўскай вобласці 23-гадовая Марыя Ціханава вучыцца ў Маскоўскім інстытуце сучасных мастацтваў па спецыяльнасці „Рэжысура кіно і тэлебачання”. Яна прыехала ў Менск, каб зняць матэрыял для сваёй курсавой працы „пра сучасных жанчын”. Пра гэта дзяўчына расказвае на відэа яе допыту пасля затрымання. „Ніна Багінская — адна з іх. Я яе ўбачыла ў навінах і падумала, што гэта можа быць цікава”, — паведаміла яна. Ціханава дадала, што ўбачыла Багінскую ля галоўпаштамта і пайшла за ёй.

belapan.by