Пасольства ЗША: Затрыманні мірных беларусаў абвяргаюць сцвярджэнні, што ніхто не хоча пратэставаць



„Застрашванне, адвольныя арышты і затрыманні мірных беларусаў з прымяненнем гвалту абвяргаюць сцвярджэнні, што ніхто не хоча пратэставаць”, — гаворыцца ў каментары пасольства ЗША ў Беларусі, размешчаным у „Твітэры”.

„Даванне беларусам магчымасці мірна збірацца адкрые праўду”, — лічаць у дыпмісіі ЗША.

„Павага да правоў чалавека ўмацоўвае ўпэўненасць, рэпрэсіі падрываюць яе”, — заяўляюць у пасольстве.

У пасольстве ЗША таксама адзначылі, што назіралі 27 сакавіка „адвольныя арышты і гвалт у дачыненні да мірных беларусаў і журналістаў”. „Дайце ім збірацца публічна і свабодна працаваць”, — заклікалі ў дыпмісіі.

Як паведамлялася, праваабаронцы праінфармавалі аб затрыманні не менш як 245 чалавек у Менску і рэгіёнах 27 сакавіка. Спіс затрыманых апублікаваны на сайце spring96.org. Агульная колькасць затрыманых за апошнія тры дні перавысіла 420.

27 сакавіка ў Менску ўдзельнікі святкавання Дня Волі (25 сакавіка) і пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў планавалі сабрацца спачатку на плошчы Якуба Коласа, а затым на плошчы Бангалор, аднак у сувязі з вялікай канцэнтрацыяй супрацоўнікаў сілавых ведамстваў абмежаваліся гуляннямі. Пасля 15-й гадзіны прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленне, у якім сцвярджалася, што „ў Беларусі пратэстная актыўнасць набліжаная да нуля”, „ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”.

belapan.by