На долю дзяржсектара прыходзіцца амаль дзве траціны валавога знешняга доўгу Беларусі



Знешні доўг дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні склаўся на 1 студзеня ў памеры 27,3 млрд даляраў, або 64,8% ад велічыні валавога знешняга доўгу Беларусі, гаворыцца ў бюлетэні Нацбанка, у якім прыводзяцца каментары да валавога знешняга доўгу.

Знешні доўг дзяржсектара ў пашыраным вызначэнні ўключае знешнія даўгавыя абавязацельствы сектара дзяржаўнага кіравання, цэнтральнага банка, а таксама фінансавых і нефінансавых арганізацый, у статутных фондах якіх доля дзяржаўнай уласнасці складае 50 і больш працэнтаў.

На думку спецыялістаў цэнтральнага банка, вялікая ўдзельная вага дзяржсектара ў валавым знешнім доўгу „паказвае на значную ролю дзяржавы і падкантрольных яму суб’ектаў гаспадарання ў ажыццяўленні замежных запазычанняў”.

„Адносіны знешняга доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні да ВУП склалі 45,5% (на 1 студзеня 2021 года. — БелаПАН.) і павялічыліся ў дачыненні да аналагічнага паказчыка на 1 студзеня 2020 года на 6,1 працэнтнага пункта”, — канстатуюць спецыялісты Нацбанка.

У грашовым выражэнні за 2020 год знешні доўг дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні павялічыўся на 1,9 млрд даляраў, або на 7,3%, да 27,3 млрд даляраў на 1 студзеня 2021 года.

У тым ліку знешнія даўгавыя абавязацельствы сектара дзяржкіравання выраслі на 1,4 млрд даляраў, або на 8,4%, дэпазітных арганізацый (за выключэннем цэнтральнага банка), якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, — на 0,4 млрд даляраў, або 14,4%, іншых фінансавых і нефінансавых арганізацый, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, — на 0,2 млрд даляраў, або на 4,4%.

У той жа час цэнтральны банк скараціў свае знешнія даўгавыя абавязацельствы за гэты перыяд на 174,9 млн даляраў, або на 17,6%.

„У складзе знешняга доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні сектар дзяржкіравання з’яўляўся асноўным пазычальнікам замежных фінансавых рэсурсаў, яго знешні доўг на 1 студзеня 2021 года склаў 18,6 млрд даляраў, або 68,1% у агульным аб’ёме разгляданых знешніх запазычанняў (дзяржсектара. — рэд.)”, — гаворыцца ў бюлетэні Нацбанка.

Знешнія даўгавыя абавязацельствы дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, і іншых фінансавых і нефінансавых арганізацый, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, склалі адпаведна 3,2 млрд даляраў і 4,7 млрд даляраў і ўтварылі 11,9% і 17% знешняга доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні.

Знешнія даўгавыя абавязацельствы цэнтральнага банка на 1 студзеня 2021 года склаліся ў памеры 0,8 млрд даляраў і сфармавалі 3% агульнага аб’ёму знешняга доўгу дзяржаўнага сектара.

„На 1 студзеня 2021 года асноўную ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме знешняга доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні (61,6%) займалі абавязацельствы па прыцягнутых з-за мяжы крэдытах і пазыках. Абавязацельствы па даўгавых каштоўных паперах склалі 15,1%, дэпазітах — 13,6%, запазычанасць па гандлёвых крэдытах і авансах — 7,7%, іншыя даўгавыя абавязацельствы — 2%”, — адзначаюць спецыялісты Нацбанка.

belapan.by