Жанчыну, якая несла дачцэ 15 ружаў, аштрафавалі на 870 рублёў



У Наваполацку на 30 базавых велічынь аштрафавалі Алену Вінакураву. 27 сакавіка яна набыла 8 белых і 7 чырвоных ружаў, каб павіншаваць з днём народзінаў сваю дачку. Кацярына Вінакурава ў дзень сваіх 28-х угодкаў была на працы, а маці разам з букетам трапіла ў пастарунак паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным пікетаванні.

Алену Вінакураву судзілі ў гарадскім аддзеле міліцыі. Дачку на суд не пусцілі. Чаму – міліцыянт на патлумачыў, распавяла Кацярына Вінакурава:

– Кажу: “Можна я буду прысутнічаць на судзе? Гэта мая маці, я дачка, хачу прысутнічаць”. Міліцыянт кажа: “Суд будзе тут, вы не можаце прысутнічаць”. Пытаюся: “Чаму? У нас жа адкрытыя суды”. Ён адказвае: “нават не ведаю, што вам сказаць”… Можа, баяўся разгалоскі. Абяцалі вярнуць кветкі, там было 15 ружаў, 7 чырвоных, 8 белых. Але сказалі, што па пастанове суду аддадуць”.

 Тэлефон Алены Вінакуравай застаецца “у закладзе “ў міліцыі – да тае пары, пакуль яна не сплоціць штраф. Між тым, беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць аспрэчыць рашэнне суду першай інстанцыі, і абласны суд можа адмяніць штраф. Але ў суд Наваполацку лічыць, што жанчыну прызнаюць вінаватай у любым выпадку. Бо ў суботу 27-га сакавіка міліцыянты пільнавалі ўдзельнікаў мірных пратэстаў, і кветкі белага і чырвонага колеру яна палічылі атрыбутыкай пікетавання.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск