Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Маямі



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру ў амерыканскім Маямі з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. Беларуска, якая займае 8-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла чэшскую тэнісістку Маркету Вондраўшаву, у якой 20-я пазіцыя – 6:1, 6:2. Сустрэча доўжылася гадзіну 9 хвілін. У паядынку за выхад у паўфінал Арына Сабаленка сустрэнецца з першай ракеткай планеты аўстралійкай Эшлі Барці, якая ў 1/8 фіналу перамагла беларуску Вікторыю Азаранку.

„Менчанка” саступіла „Уралачцы-НТМК” у паядынку „Фіналу шасці” расейскай валейбольнай суперлігі

Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі „Уралачцы-НТМК” у стартавым матчы „Фіналу шасці” расейскай суперлігі з лікам 1:3. Менчанкі далі бой знакамітай дружыне пад кіраўніцтвам легендарнага трэнера Мікалая Карполя, аднак вымушаны былі прызнаць паразу. У першым сэце „Уралачка-НТМК” вельмі хутка дамаглася камфортнай перавагі.

У другім сэце „Менчанка” дзейнічала куды больш упэўнена.

На жаль, развіць поспех у „Менчанкі” не атрымалася. Астатнія дзве партыі прайшлі прыкладна па адным сцэнары. „Уралачцы” удавалася захапіць перавагу ў некалькі ачкоў. Падначаленыя Станіслава Салікава рабілі ўсё магчымае, каб дагнаць суперніц, але ў вырашальныя моманты Мікалай Карполь знаходзіў словы для гульцоў клуба з Екацярынбурга, і тыя не давалі беларускам дамагчыся поспеху. У шэрагах „Уралачкі” варта адзначыць карысныя дзеянні беларускай валейбалісткі Веры Касцючык, якая зарабіла некалькі важных ачкоў для сваёй дружыны. Наступны матч „Фіналу шасці” „Менчанка” правядзе 31 сакавіка супраць зорнага маскоўскага „Дынама”.

Чэшскі клуб вырашыў развітацца з Андрэем Касціцыным

Чэшскі клуб «Пардубіцэ» не будзе працягваць кантракт з беларускім нападнікам Андрэем Касціцыным. Пра гэта паведамляе Hokej.cz.

36-гадовы форвард папоўніў шэрагі чэшскай каманды два месяцы таму. За гэты час ён правёў 20 матчаў, набраўшы 15 (5 + 10) ачкоў і 43 хвіліны штрафу. Касціцын-старэйшы адзначыўся двума дыскваліфікацыямі за грубасць. «Пардубіцэ» ужо завяршыў выступы ў чэмпіянаце Чэхіі, вылецеўшы ў чвэрцьфінале плэй-оф.

Беларуская „маладзёжка” прайграла футбалістам Грузіі

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) няўдала правялі таварыскі матч з аднагодкамі з Грузіі. У Тбілісі падначалечныя Сяргея Ясінскага пацярпелі буйную паразу з лікам 1:4. Адзіны мяч у складзе беларусаў забіў Мікіта Супрановіч. У мінулую пятніцу беларускія футбалісты абыгралі ў Ерэване каманду Арменіі з лікам 2:1. Галы ў пераможцаў забілі Уладзіслаў Ложкін і Ягор Багамольскі. Гэтыя кантрольныя паядынкі сталі для футбалістаў новага склікання маладзёжнай зборнай Беларусі адным з этапаў падрыхтоўкі да старту адборачнага турніру кантынентальнага першынства. Першы паядынак у кваліфікацыйнай групе D беларускія футбалісты правядуць 5 чэрвеня на сваім полі супраць каманды Кіпра.

Беларускае Радыё Рацыя