У сувязі з пратэстамі суды адміністрацыйна пакаралі 118 чалавек



У сувязі з пратэстамі ў Беларусі 29 сакавіка прызналі вінаватымі па адміністрацыйных артыкулах не менш як 118 чалавек, сведчаць звесткі пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Рашэнні прынятыя судамі Менска. Звесткі аб разглядзе спраў у рэгіёнах не прыводзяцца.

Самы распаўсюджаны артыкул КоАП — 24.23, былы 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства).

Не менш за 111 чалавек атрымалі адміністрацыйны арышт ад 7 да 30 сутак. Сем чалавек аштрафаваныя на суму ад 30 да 90 базавых велічынь (870—2.610 рублёў).

У прыватнасці на 15 сутак арыштаваны намеснік дырэктара Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага журналіст Алесь Герасіменка.

Шэсць спраў адпраўленыя ў міліцыю на дапрацоўку.

Пазнакі пра прычыны затрымання фігурантаў у базе звестак праваабаронцаў кажуць пра тое, што многія з іх фактычна не ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах: „за бел-чырвона-белы сцяг у акне”, „ставяць у віну пікетаванне на аўтамабілі шляхам падачы сігналу ў знак салідарнасці з пратэстоўцамі” і інш. Фіксуюцца затрыманні і суды ў дачыненні да веласіпедыстаў, выпадковых прахожых. Паведамляецца як мінімум пра аднаго збітага затрыманага.

Як паведамлялася, больш за 250 чалавек было затрымана ў Мінску і рэгіёнах 27 сакавіка. У гэты дзень у сталіцы ўдзельнікі святкавання Дня Волі (25 сакавіка) і пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў планавалі сабрацца спачатку на плошчы Якуба Коласа, а затым на плошчы Бангалор, аднак у сувязі з вялікай канцэнтрацыяй супрацоўнікаў сілавых ведамстваў абмежаваліся гуляннямі.

Прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленне, у якім сцвярджалася, што „ў Беларусі пратэстная актыўнасць набліжаная да нуля”, „ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”.