У Беларусі будуць блакаваць копіі інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны



У Беларусі будуць блакаваць копіі інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны. Гэта вынікае са змен у сумесную пастанову Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі, якой зацверджана палажэнне аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу. Пастанова № 2/6/2 ад 25 сакавіка апублікаваная 30 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Палажэнне аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу дапоўнена абзацам наступнага зместу: „Копія інтэрнэт-рэсурсу — інтэрнэт-рэсурс, падобны да ступені змешвання з інтэрнэт-рэсурсам, доступ да якога абмежаваны”.

Міністэрства інфармацыі пры выяўленні копіі інтэрнэт-рэсурсу будзе накіроўваць апавяшчэнне ў Дзяржаўную інспекцыю для ўключэння адпаведнага ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу. Пры ўмове знаходжання копіі інтэрнэт-рэсурсу ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт таксама апавяшчаецца яе ўладальнік.

Спіс абмежаванага доступу абавязковы для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фарміруецца Дзяржаўнай інспекцыяй на падставе рашэнняў аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, якія прымаюцца Міністэрствам інфармацыі, апавяшчэнняў Мінінфарма аб уключэнні ў спіс абмежаванага доступу копій інтэрнэт-рэсурсаў, рашэнняў Дзяржінспекцыі аб уключэнні ў спіс абмежаванага доступу інтэрнэт-рэсурсу, які дазваляе карыстальнікам інтэрнэт-паслуг атрымліваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, уключанага ў спіс абмежаванага доступу.

belapan.by