«Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл»
Асуджаны да смяротнага пакарання Кастусь Каліноўскі перадаў з-за кратаў “Лісты з-пад шыбеніцы” – нацыянальна-палітычны маніфэст і запавет:
“З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але не жаль згінуць за тваю праўду. Прыймі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана. Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку”.
Кастусю Каліноўскаму прысвечана шмат твораў літаратуры і мастацтва.
У п’есе Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» у размове з графам-вешальнікам Мураўёвым Каліноўскі гаворыць:
«Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл».
Каб не смяротнае пакаранне, Кастусь Каліноўскі мог працягнуць палітычную і выдавецкую дзейнасць, змаганне за Незалежнасць, за еўрапейскі выбар для Беларусі.
Ці не мог бы?
У той краіне, якой была Расейская імперыя – не мог.
Мог выехаць з краіны і працгянуць дзейнасць на выганнні ці змагацца за свабоду іншых краінаў.
Мы можам шмат разважаць, што магло бы адбыцца ў жыцці філосафаў, асветнікаў, навукоўцаў, палітыкаў і літаратараў, каб не смяротнае пакаранне.
Пры гэтых развагах непазбежна выйдзем на шлях альтэрнатыўнай гісторыі.
Ральнасць іншая.
Нашы героі шмат што маглі зрабіць. але не ў той час, не ў той краіне.
Нашы героі маглі бы эфектыўна дзейнічаць на карысць грамадства, навукі і культуры, змяняяючы і свой час і будучыню, у якой цяпер жывем мы.
Наша краіна магла быць іншай, каб у жыцці філосафаў, асветнікаў, навукоўцаў, палітыкаў і літаратараў апошнюю кропку не паставіла смяротнае пакаранне.
І мы кажам: смяротнае пакаранне – зло.