Гарадзенскія ўлады прынялі пастанову пра платнае перасячэнне мяжы



Гарадзенскі абласны савет дэпутатаў 30 сакавіка на пасяджэнні ў Лідзе прыняў рашэнне аб увядзенні мясцовага збору пры выездзе з краіны.

Як паведаміла прэс-служба Лідскага раённага выканаўчага камітэта ў сваім тэлеграм-канале, збор будзе спаганяцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржмяжы ў пунктах пропуску. Гэта прадугледжана абноўленым Падатковым кодэксам, растлумачылі ў выканкаме.

Збор уводзіцца да 1 студзеня 2023 года, а сабраныя сродкі пойдуць на папярэджанне і барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй, адзначыла прэс-служба Лідскага райвыканкама.

Выплачваць збор будуць кіроўцы аўтамабіляў, якія належаць арганізацыям або фізічным асобам, у тым ліку зарэгістраваным у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і максімальная маса якіх не перавышае пяць тон. Пры гэтым усё роўна, якая колькасць пасажыраў будзе знаходзіцца ў транспартным сродку.

Ад выплаты збору вызваляюцца аўтамабілі, на якіх едуць асобы на пахаванне членаў сям’і і блізкіх сваякоў, якія суправаджаюць памерлых, удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, інваліды I і II груп, а таксама асобы, што іх суправаджаюць, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, якія выязджаюць на лячэнне ў санаторна-курортныя ўстановы, і „некаторыя іншыя”. У пералічаных катэгорый асоб павінны быць адпаведныя пацвярджальныя дакументы.

Рашэнне ўвойдзе ў сілу праз месяц.

БелаПАН