Гісторыя актывіста з Асіповічаў: Смерць бацькі, рэпрэсіі ды ўцёкі з сям’ёй



Яго бацька загінуў у „ковіднай камеры”, а на яго самаго спрабавалі завесці крымінальную справу за заклікі да акцый.

Сяргей – актывіст з Асіповічаў, якога рэпрэсіі закранулі не толькі асабіста, але і ўсю яго сям’ю. Ён актыўна заклікаў да ўдзелу ў акцыях пратэсту ў Асіповічах, ягоныя бацька і маці прымалі ўдзел у жнівеньскіх падзеях. Бацька Сяргея апынуўся ў так званай „ковіднай камеры”, пасля чаго памёр. Лекары так і не далі дакладных звестак наконт яго смерці, спасылаючыся на хворае сэрца.

Яго неаднаразова судзілі па розных артыкулах, кожны раз працягваючы тэрмін. Пасля таго, як яму стала пагражаць крыміналка, Сяргей таемна пакінуў Беларусь і прыехаў у Польшчу:

– Усё пачалося яшчэ ў чэрвені месяцы. Усё пачалося з-за таго, што я заклікаў людзей да дзеянняў у сваім горадзе, горад Асіповічы Магілёўскай вобласці. Пасля гэтага мяне выклікалі ў РАУС, дзе правялі гутарку, склалі пратакол па 23.34 і 17.11. Я адсядзеў 15 сутак і мяне выпускаць не хацелі, склалі яшчэ два пратаколы. Бацькі хадзілі на акцыі пратэсту, вылічылі майго бацьку па куртцы. Прыйшлі на працу, забралі, склалі пратакол па 23.34 і ён застаўся сядзець на сутках. Пасля сутак бацька ўжо быў дома, але захварэў каронавірусам, гэта было 11-га снежня. Ён памёр у мяне на руках.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Цяпер Сяргей жыве ў Польшчы разам з сям’ёй: жонкай і дзіцём. Ён актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці беларусаў Беластока.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя