Яшчэ адна ўдзельніца страйку – Алена Вінакурава з Наваполацка



На наваполацкім “Паліміры” Алена Вінакурава адпрацавала 31 год, у апошні час – кантралёрам  якасці ў цэху 604. 29-га сакавіка яна вымушана прапусіла працу: у той дзень яе судзілі за нібыта несанкцыянаваны адзіночны пікет. Але адміністрацыя прадпрыемства не палічыла гэта важкай прычынай, і жанчыне паставілі прагул.

Паводле Алены Вінакуравай, думка пра страйк наведала яе  ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Жанчына трапіла туды 27-га сакавіка, калі з букетам белых і чырвоных ружаў  ішла павіншаваць з днём народзінаў сваю дачку Кацярыну. Двое сутак да суду яна правяла ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, распавяла Алена Вінакурава:

– У мяне забралі букет. Тое, што ў дачкі дзень народзінаў, яны праверылі, усё супала. Але быў загад зверху – усіх затрымліваць, да суду. І я двое сутак правяла ў ізалятары.  І я вось у апошні дзень думаю: “Якое адрозненне для мяне паміж працай і турмой?” І я прыйшла да высновы, што асаблівага адрознення няма. Дзяржаўнае прадпрыемства – гэта тая самая турма. 

 Раней Алена Вінакурава не мела ніякіх адміністрацыйных спагнанняў, яна жыла звычайным жыццём, як і большасць беларусаў – паміж працай і домам. Жанчына мае ўжо дарослую дачку, якой міліцыя сарвала сямейнае свята. Падчас знаходжання за кратамі Алена Вінакурава, натхніўшыся прыкладам Ігара Лосіка,  трымала галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск