Польшча не ўтрымала нічыю з Англіяй
У матчы 3-га тура адборавага турніру чэмпіянату свету 2022 года зборная Англіі прымала нацыянальную каманду Польшчы. Сустрэча прайшла на стадыёне «Уэмблі» у Лондане і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:1. На 19-й хвіліне сустрэчы нападнік зборнай Англіі Гары Кейн паспяхова рэалізаваў пенальці і адкрыў лік. У другім тайме, на 58-й хвіліне, польскі паўабаронца Якуб Модэр зраўняў лік пасля паспяховага прэсінгу ў штрафной ангельцаў. У канцоўцы сустрэчы пасля падачы кутавога пераможны гол забіў англійская абаронца Гары Магуайр. У іншых матчах групы I зборная Андоры дома прайграла нацыянальнай камандзе Вугоршчыны з лікам 1:4, а Албанія на выездзе перамагла Сан-Марына. Зборная Англіі набрала 9 ачкоў і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы групы, у Польшчы 4 ачкі і 4-е месца, услед за вугорцамі і албанцамі.
Футбалісты Украіны трэці раз запар згулялі ўнічыю ў кваліфікацыі чэмпіянату свету, на гэты раз з камандай Казахстана. Гаспадары выйшлі наперад на 20-й хвіліне пасля ўдару Рамана Ярэмчука. Аднак утрымаць перамогу ўкраінцам не ўдалося – на зыходзе гадзіны гульнявога часу Серыкжан Мужыкаў зраўняў лік – 1:1. У іншым матчы групы D дзеючыя чэмпіёны свету футбалісты зборнай Францыі ў Сараеве з лікам 1:0 адолелі каманду Босніі і Герцагавіны дзякуючы голу Антуана Грызмана. Французы ўзначальваюць групу, набраўшы 7 ачкоў, ва ўкраінцаў тры ачкі і другая пазіцыя. Сярод іншых матчаў трэба адзначыць сенсацыйную гасцявую перамогу зборнай Паўночнай Македоніі над немцамі. У кампенсаваны час першага тайма сустрэчы лік адкрыў нападнік гасцей Горан Пандзеў. На 63-й хвіліне паўабаронца нямецкай каманды Ілкай Гюндаган зраўняў лік, паспяхова рэалізаваўшы пенальці. На 85-й хвіліне хаўбек гасцей Эліф Элмас забіў пераможны гол 2:1. Асечкай немцаў скарысталіся футбалісты Арменіі, якія святкавалі трэцюю перамогу ў кваліфікацыі над зборнай Румыніі з лікам 3:2 і ўзначалілі табліцу групы J. Гол Кварацхеліі выратаваў Грузію ад пройгрышу Грэцыі 1:1. Іспанія перайграла Косава 3:1 дзякуючы галам Даніэля Ольма, Ферана Торэса і Жэрара Марэна. Італія абыграла Літву 2:0 і з 9 ачкамі займае першае месца ў табліцы групы С.
Валейбалісты „Шахцёра” ўмацавалі перавагу ў фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі мінскі „Будаўнік” ў другім матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі – 3:0. Лік у фінальнай серыі да трох перамог стаў 2:0 на карысць салігорцаў. Трэці матч адбудзецца 3 красавіка ў „Чыжоўка-Арэне”.
Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі ў другім матчы „Фіналу шасці” расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі ў другім матчы „Фіналу шасці” расейскай суперлігі маскоўскаму „Дынама” з лікам 0:3 і завяршылі барацьбу за медалі турніру. Самай выніковай ў складзе беларусак стала Надзея Смірнова, якая набрала 15 ачкоў.
„Кельцы” з Куляшом і Каральком на выездзе перайграў „Нант”
Польскі „Кельцы” на выездзе перамог французскі „Нант” у першым матчы 1/8 фіналу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў – 25:24. У гасцей беларускі левы паўсярэдні Уладзіслаў Кулеш закінуў чатыры, лінейны Арцём Каралёк – закінуў адзін мяч.
Беларускае Радыё Рацыя