Аптымістычная безнадзейнасць



Кожны дзень прыносіць сумныя “весткі з палёў”. Ад жніўня мінулага году ў Беларусі працягваецца непрыхаваны тэрор дзяржаўных структур супраць грамадзян краіны. Палітычных рэпрэсіў такога размаху і шырыні не было ў Еўропе з канца 1960-ых – першай паловы 1970-ых гадоў, калі ў Грэцыі дарваліся да ўлады так званыя “чорныя палкоўнікі”. Ваенная дыктатура ў Грэцыі трымалася сем гадоў і завяршылася, як і ўсе такія хунты, бясслаўна. Тое ж адбылося і ў паўднёваамерыканскай Аргенціне канца сямідзесятых-пачатку васьмідзесятых. Розніца, аднак, паміж тагачаснымі Грэцыяй і Аргенцінай і цяперашняй Беларуссю вялікая. Прыроду кожнага такога рэжыму трэба разглядаць асобна. Дыктатуры тых жа Грэцыі ці Аргенціны былі менавіта ўнутранай справай і праблемай, у такой сітуацыі вызваліцца ад іх было намнога прасцей. Знешнія фактары маглі стаць толькі дапаможнымі чыннікамі (як, прыкладам, імклівая вайна Вялікабрытаніі за Фалклендскія астравы, якая хутка прывяла да краху аргенцінскай хунты).

У Беларусі ж доўгія гады аўтарытарны рэжым, які на нашых вачах перарос у таталітарны, мае знешняе, чужароднае паходжанне і падтрымку. Па-сутнасці беларускі народ зараз вядзе нацыянальна-вызвольны рух. І па вялікім гістарычным рахунку нічога не змянілася з часу паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі ці Кастуся Каліноўскага. Сённяшні рэжым у Беларусі не толькі здушвае асноўныя грамадзянскія свабоды і правы чалавека, ён ад пачатку найперш быў скіраваны на знішчэнне ўсяго нацыянальнага. Гэты рэжым з крыві і косці ва ўсіх сэнсах ўгрунтаваны на расейскіх і на савецкіх традыцыях, наўпрост выводзіцца з часоў панавання расейскай імперыі і савецкага саюзу. Гэтага доўга не разумелі (ці не хацелі разумець-?) і ў самой Беларусі і за яе межамі. Нездарма і зараз многія палітыкі, палітолагі, аналітыкі, журналісты слепа карыстаюцца тэрмінамі “беларускі рэжым”, “беларускі кіраўнік”, “беларуская дыпламатыя”. А гэта абсалютна недапушчальна, таму што скажае, перакульвае з ног на галаву галоўныя сутнасныя рэчы. Бо гэты рэжым і ўсе яго дзеянні ад самага пачатку абсалютна антыбеларускія. І гэта іх асноўная характарыстыка. Паводле даўняй палітычнай дактрыны Масквы на нашай зямлі не павінна быць месца ніякім незалежным ліцвінам, ніякім беларусам, якія хочуць “людзьмі звацца”. Не павінна быць месца і нейкім нацыянальным меншасцям. Вось чаму ўлады на чарговым этапе рэпрэсій так жорстка пераследуюць актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі. Няма сумневу, што каб былі актыўнымі і іншыя нацыянальныя супольнасці, іх чакала б тое сама. Таму стары вызвольны лозунг “За нашу і вашу свабоду!” застаецца актуальным і цяпер. Бліжэйшыя суседзі Беларусі зараз гэта добра разумеюць, робяць канкрэтныя захады па дапамозе рэпрэсаваным і пацярпелым. Заходняя Еўропа, real-politic якой прывяла да істотнага ўзмацнення расейскай экспансіі ва Украіну і Беларусь, па-ранейшаму выказвае сваю “сур’ёзную заклапочанасць” сітуацыяй у нашай краіне.

Паводле апошніх падлікаў колькасць фігурантаў палітычных крымінальных спраў у Беларусі наблізілася ўжо да тысячы. Дзясяткі тысячаў былі пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі. Тысячы людзей змушаныя выехаць з краіны за мяжу. Калі наўкола адбываюцца такія масавыя рэпрэсіі, сітуацыя многім здаецца амаль безнадзейнай. Асабліва калі непасрэдна церпяць вашы сваякі, сябры, блізкія знаёмыя. Але не трэба паддавацца адчаю. Беларуская ахвярнасць, беларуская салідарнасць, як па ўсёй краіне, так і за яе межамі, набылі небывалы размах. Беларуская нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка адрадзілася, стала вядомай на ўсёй планеце, і пры змене ўлады без пытанняў стане зноў дзяржаўнай. Зараз надыходзіць час на адраджэнне беларускай мовы і культуры, без іх – далей ніяк. А велікодны перыяд і духовая падрыхтоўка да свята павінны ўмацоўваць нашу веру ў перамогу дабра над злом. Уваскрэслы Збаўца абнадзеіць, дасць новыя сілы і пакліча да святла праўды.     

Уладзімір Хільмановіч    

Беларускае Радыё РАЦЫЯ