Аляксандр Ярашук: Рабочыя па-ранейшаму не прымаюць гэтую ўладу



Вырашэнне якіх праблем зараз з’яўляецца прыярытэтам для працоўных? Ці варта ствараць дыялогавыя пляцоўкі па працоўных пытаннях? Ці чакаць вяртання дэкрэту па дармаедах? 

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукаў „Госць Рацыі” старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у размове з Алісай Поль:

РР: Як зараз агулам выглядаюць настроі працоўных?

– Настроі не лепшыя, відавочна. Першае, што тычыцца таго, што яны па-ранейшаму не прымаюць гэтую ўладу і па-ранейшаму адвяргаюць гвалт. Нікуды гэта не падзелася і нідзе не дзенецца, гэта відавочна. З другога боку, няма магчымасці гэтыя свае пратэстныя настроі ажыццявіць, не даюць праявіцца. Канешне трэба мець на ўвазе, што ў значнай ступені гэты настрой дыктуецца тым, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя складаная, яна не паляпшаецца. Канешне рабочыя адчуваюць, што няма спадзеву на тое, што ў бліжэйшы час штосьці будзе паляпшацца ў іх жыцці. Што тычыцца палітычнай сітуацыі, што датычыць сацыяльна-эканамічнай, вы ведаеце, што апошнія два месяцы не растуць заробкі. 

РР: Якая тэма нумар адзін зараз для працоўных?

– Канешне для любога працаўніка, для таго, хто дбае пра дабрабыт свой і сваёй сям’і, на першым месцы гэта праблема заробкаў, дакладней сацыяльна-эканамічныя праблемы. Праблемы заробкаў, праблемы ўмоў працы. Паколькі ўжо працяглы тэрмін няма рухаў у бок таго, каб гэтыя пытанні вырашаліся, то канешне і ўмовы працы таксама гэта ўзаемазалежныя рэчы. Гэтыя пытанні канешне першапачатковыя, бо трэба дбаць пра сябе і пра свае сем’і. Канешне ўсё ў значнай ступені ўскладняецца той палітычнай сітуацыяй у якой яны знаходзяцца са жніўня мінулага года. Гэта фармуе клімат у якім сёння прыходзіцца знаходзіцца беларускім рабочым.

РР: Ці мэтазгодна стварэнне дыялогавых пляцовак?

– Я хачу вам распавесці, што сацыяльнага дыялогу ў нас сапраўднага ніколі не было таму, што бакі сацыяльнага дыялогу ў нас так ці інакш прадстаўляюць інтарэсы дзяржавы. Я з’яўляюся сябрам Нацыянальнай рады па працоўных сацыяльных пытаннях. У лепшыя часы гэта быў дэкаратыўны орган, а зараз ён да таго ж і не працуе. За апошнія паўгода было два пасяджэнні анлайн. Відавочна, што гэта праблема, якая мае месца. Патрэба ў сацыяльным дыялогу велізарная, але беларускія ўлады дэманструюць, што яны абсалютна выключаюць любы дыялог, палітычны перад усім, для таго, каб знайсці выйсце з вострага палітычнага крызісу. Канешне няма чаго марыць пра тое, што будзе нейкі іншы дыялог, у тым ліку сацыяльны дыялог. Тое, што ўмовы для працоўных, палітычныя ўмовы менавіта, пагаршаюцца істотна, ад іх патрабуюць, як на „МАЗе”, падпісваць розныя паперы, што яны не павінны разгалошваць усё тое, што там адбываецца на прадпрыемстве. Закручваюцца шрубы замест таго, каб ісці на адкрыты дыялог і тлумачыць працоўным, што наогул адбываецца, якія перспектывы ў кожным канкрэтным выпадку іх прадпрыемства, проста ўсё скіравана на тое, каб як мага больш запужаць і трымаць на кароткім ланцужку рабочых.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Аляксандр Ярашук не выключае, што пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне можа прывесці да чарговых страйкаў. Падштурхнуць да іх можа нявыплата заробкаў і высокія цэны ў крамах.

Беларускае Радыё Рацыя