Заяўку на правядзенне „Чарнобыльскага шляху” арганізатары пададуць да 10 красавіка
Дэмакратычныя партыі і арганізацыі стварылі аргкамітэт па правядзенні акцыі „Чарнобыльскі шлях” і маюць намер да 10 красавіка падаць адпаведную заяўку ў Мінгарвыканкам, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.
„Сёлета спаўняецца 35 гадоў з дня чарнобыльскай катастрофы, і сёння быў створаны аргкамітэт па правядзенні „Чарнобыльскага шляху” — гэта традыцыйная акцыя апазіцыі. Да гэтага аргкамітэта далучыліся асноўныя дэмакратычныя і палітычныя арганізацыі, упершыню быў прадстаўнік штаба Святланы Ціханоўскай”, — расказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка партыі, яму даручана „звязацца са службай хуткай медыцынскай дапамогі і службамі ЖКГ, каб падрыхтаваць неабходныя дакументы”.
„Заяўнікамі сёлета будуць фізічныя асобы, спіс пакуль адкрыты”, — растлумачыў палітык.
„Чарнобыльская трагедыя адбылася не на тэрыторыі Беларусі, але наша краіна пацярпела найбольш, — адзначыў у сваю чаргу першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў. — Але, на жаль, улады робяць усё, каб беларусы паступова забывалі пра гэтую трагедыю”.
Ён нагадаў, што ў Беларусі часткова скарочаныя льготы пацярпелым ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. „Трэба прыцягваць увагу да праблемы, у тым ліку і да таго, што пабудаваная ў Астраўцы БелАЭС таксама небяспечная, каб людзі вельмі ўважліва ставіліся да таго, што там адбываецца”, — падкрэсліў Сігаеў.
Палітык адзначыў, што „Чарнобыльскі шлях” — адзін з элементаў „вясновых пратэстаў у Беларусі”. „З дапамогай заяўкі мы хочам атрымаць легальную магчымасць сабрацца і нагадаць, што ў нас у краіне цяпер прававы Чарнобыль. Або ў выпадку адмовы атрымаць пацвярджэнне таго, што ўлады робяць усё магчымае, каб людзі не збіраліся на такія акцыі”, — сказаў Аляксей Сігаеў.