Вызваленне палітвязняў застаецца ўмовай Еўразвяза



„Нармалізацыя адносін з афіцыйным Менскам магчымая, аднак перадумовай застаецца патрабаванне вызвалення палітычных вязняў, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, – паведаміў нашаму радыё старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Богдан Здраеўскі:

– Еўрапейскі парламент увесь час падкрэслівае, што вельмі важна, каб перад прэзідэнцкімі выбарамі былі звольненыя палітвязні, якія засталіся. Вельмі істотным з’яўляецца, каб у гэтай выбарчай кампаніі, у якой мы будзем удзельнічаць у якасці назіральнікаў, былі захаваныя прынцыпы дэмакратычнасці.

Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў справах Беларусі адзначыў, што назірае паляпшэнне клімату ў адносінах афіцыйнага Менску і Бруселя. Ён ўжо сустракаўся з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Бруселі, а ў сярэдзіне красавіка будзе сустракацца з амбасадарам Беларусі ў Францыі. Таксама вядуцца перамовы наконт афіцыйнага візіту дэлегацыі дэлегацыі Еўрапарламента ў справах Беларусі ў Менск.

Беларускае Радыё Рацыя