Маскоўская друкарня адмовілася друкаваць „Народную Волю”
Маскоўская друкарня адмовілася друкаваць газету „Народная Воля”, якая па-ранейшаму не можа выпускацца на радзіме з-за адмовы беларускіх друкарняў.
Як паведамляецца на сайце „Народнай Волі”, рэдакцыя загадзя склала дамову з маскоўскім ААТ „Паліграфічны комплекс”. У аператыўным парадку была пералічаная неабходная сума грошай для друку сённяшняга нумара газеты.
„Але ўчора, калі вёрстка падыходзіла да завяршэння, з Масквы паступіла інфармацыя: на нас наехалі на вельмі высокім узроўні, не хочам страціць друкарню, вяртаем грошы…” — адзначае выданне.
Рэдакцыя нагадвае, што некалькі месяцаў таму друкарня „Прайм Прынт Масква” таксама скасавала дамову з „Народнай Воляй”.
Як паведамлялася, пасля таго як у жніўні выдавецтва „Беларускі дом друку” спыніла выпуск „Народнай Волі”, рэдакцыя падпісала дамову з друкарняй у Расеі, газета друкавалася там і прывозілася ў Беларусь. Але затым расійская кампанія спыніла кантракт. Зараз рэдакцыя вярстае кожны нумар і выкладвае PDF-версію на сайце.
Праблемы з друкам і распаўсюджаннем адчуваюць многія беларускія незалежныя выданні. Акрамя „Народнай Волі” яшчэ чатыры газеты спынілі выхад у сувязі з тым, што не могуць знайсці друкарню, — гэта „Свободные новости плюс”, „Белгазета”, „Газета Слонимская” і „Брестская газета”.
З лютага ў кіёсках „Белсаюздруку” спыніўся продаж незалежнай газеты „Новы Час”. У сакавіку стала вядома, што „Белсаюздрук” адмовіўся прадаваць гістарычны часопіс „Наша гісторыя”, а таксама дзіцячыя выданні „Дуду” і „Асцярожна: дзеці!”.