Эксперты ААН: Беларусь павінна пакласці канец практыцы жорсткасці праваахоўных органаў



Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі Беларусь пакласці канец практыцы празмернага прымянення сілы, арыштаў, адвольных затрыманняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і ажыццяўлення рэпрэсій, накіраваных супраць журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі.

Як паведамляецца, падчас мірных пратэстаў, прымеркаваных да Дня Волі 25 сакавіка 2021 года, былі затрыманыя 176 чалавек, а праз два дні — 247 чалавек, у ліку якіх аказалася сямёра журналістаў.

Напярэдадні Дня Волі Следчы камітэт Беларусі, дзяржаўны наглядны орган, папярэдзіў тых, хто планаваў удзельнічаць у „несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” пра пагрозу крымінальнай адказнасці.

„Мы ўстрывожаныя шматлікімі, магчыма, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі, якія мелі месца на мінулым тыдні і сведчаць аб практыцы жорсткасці праваахоўных органаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных акцый. Мы занепакоеныя тым, што сілавыя службы ўсё яшчэ не прыцягнутыя да адказнасці за празмернае прымяненне сілы як у перадвыбарчы перыяд, так і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г.

Мы надзвычай занепакоеныя тым, што замест таго, каб прыцягнуць вінаватых у злачынствах да адказнасці, улады спрабуюць здушыць усе формы нязгоды, выкарыстоўваючы неапраўданую жорсткасць, запалохванне і ўсё часцей высоўваючы крымінальныя абвінавачванні супраць тых, хто рэалізуе свае асноўныя правы або абараняе ахвяраў парушэнняў правоў чалавека!” – сказалі эксперты.

Паводле паведамленняў, у 2020 г. многія журналісты і праваабаронцы падвяргаліся пераследам і затрыманням пры ажыццяўленні імі назірання за ходам мірных сходаў, на падставе, нібыта, „удзелу ў арганізацыі або фінансаванні несанкцыянаваных мерапрыемстваў”, проста за ажыццяўленне імі законных службовых абавязкаў. Падобная крыміналізацыя — трывожная тэндэнцыя, якая павінна неадкладна спыніцца.

Эксперты падкрэслілі, што „забарона катаванняў і іншых жорсткіх бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання не абмяжоўваецца дзеяннямі, накіраванымі супраць асоб, пазбаўленых волі, але адносіцца таксама да выпадкаў празмернага гвалту з боку органаў аховы правапарадку, напрыклад, падчас правядзення затрыманняў або аховы мірных сходаў”.

У справаздачах указваецца, што Следчы камітэт вызначыў прымяненне гвалту і абсталявання для разгону дэманстрацый супрацоўнікамі праваахоўных органаў як апраўданае і суразмернае, і супраць сілавых структур у судах не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы ў сувязі з паведамленнямі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, учыненых у мінулым годзе.

„Забеспячэнне інстытуцыйнай і асабістай адказнасці за парушэнні правоў чалавека з’яўляецца абавязкам дзяржавы ў рамках міжнароднага права. Невыкананне гэтага абавязацельства не толькі спрыяе захаванню панавальнай атмасферы беспакаранасці, але параўнальна з саўдзелам у сур’ёзных злачынствах.

Мы выказалі сваю заклапочанасць наўпрост ураду і падкрэслілі неабходнасць правядзення аператыўнага, эфектыўнага, дакладнага і непрадузятага расследавання з мэтай прыцягнення да адказнасці вінаватых у выпадках адвольных затрыманняў, катаванняў і жорсткага абыходжання”, – заявілі эксперты.

Эксперты ААН:

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Нільс Мельцэр

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн,

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднага выказвання Ірэн Хан,

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеман Вуль,

Незалежны эксперт па пытанні аб абароне ад гвалту і дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці Віктар Мадрыгал-Борлас,

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях: Лейх Тумі, Эліна Штайнэрт, Мірыям Экстрада-Касцільа, Мумба Маліла, Сёнг-Філ Хонг.

spring96.org