Зноўку збіраем подпісы?
Пакуль не зразумела, калі беларусы змогуць вольна бываць па-за межамі сваёй краіны і не менш свабодна вяртацца назад: тут і палітычныя прычыны, і эканамічныя, і каронавірус… Але ўжо сёння жыхары Гарадзенскай вобласці дакладна ведаюць, што будуць плаціць за выезд за межы радзімы 1 базавую велічыню.
Берасцейцы вырашылі “падстрахавацца” і распачалі збор подпісаў супраць увядзення платы за перасячэнне мяжы. Жыхары вобласці спадзяюцца, што салідарнасць і масавасць стрымаюць дэпутатаў Берасцейскай вобласці ад аналагічнага рашэння дэпутаў гарадзенскіх. Безумоўна, заўжды варта спадзявацца на лепшае (аптымізм – наша ўсё!), але ў нашай краіне масавы салідарны збор подпісаў не дапамагае. Згадаем сітуацыю з акумулятарным заводам? То ці варта спадзявацца, што вобласць адмовіцца ад новай крыніцы прыбытку ў новай – зусім не аптымістычнай! – эканамічнай рэальнасці.
Многія людзі за апошні год так стаміліся сядзець у зачыненым наглуха “памяшканні”, што без моцнага абурэння аддадуць грошы на мяжы – абы выпусцілі! Пытанне, ці выпусцяць тут, ці прымуць там і калі стане магчымым вольны рух людзей і грошай за добрай кавай і новымі ўражаннямі… То бок многія тутэйшыя не супраць праветрыць галаву, але маем, што маем – хіба што нічога…
Збіраць подпісы за штосьці або супраць чагосьці – зразумелы і на дадзены момант законны алгарытм дзеяння для неабыякавых людзей. Вось і ў Маладэчна пачалі збіраць подпісы супраць звальнення дырэктара школы №5 Яўгена Макарэвіча. У прыватнасці, стала вядома, што пад заявай працягнуць працу Яўгена Васільевіча на пасадзе дырэктара падпісаўся 31 супрацоўнік з 67. Абураныя таксама многія маладэчанцы, бацькі школьнікаў і самі вучні.
“Рэгіянальная газета” нагадвае: Макарэвіч узначальваў выбарчую камісію, і на яго ўчастку за Святлану Ціханоўскую прагаласавала на 120 чалавек больш, чым за Аляксандра Лукашэнку. Такі дысбаланс не можа не хваляваць мясцовыя ўлады, хоць хваляваць іх павінны іншыя рэчы. Здароўе і адукацыя маладэчанцаў, напрыклад… Але не.