Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Гомель” на старце фінальнай серыі
Хакеісты „Юнацтва” на лёдзе „Чыжоўка-Арэны” абыгралі „Гомель” на старце фінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі з лікам 3:0. Абедзве каманды з самага пачатку першага перыяду аддалі перавагу дзейнічаць асцярожна, чакаючы памылак супернікаў. „Гомель” практычна не шукаў шчасця ў чужой брамкі. Такая гульня прынесла дывідэнды камандзе Яўгена Есаўлава, якая двойчы прабіла брамку Максіма Лубскага. На 11-й хвіліне матчу вызначыўся Аляксандр Кітараў, якому дапамаглі Андрэй Антонаў і Кірыл Брыкун. А яшчэ праз пяць з невялікім хвілін віншаванні партнёраў па камандзе прымаў Яўген Аксенцюк, які завяршыў атаку, распачатую Міхаілам Стэфановічам і Кірылам Дзьякавым. У другой дваццаціхвілінцы тэмп гульні вырас. Гамяльчане прымусілі праявіць свае лепшыя якасці брамніка „Юнацтва” Сяргея Бальшакова. У канцоўцы перыяду менчане перахапілі ініцыятыву, аднак лік да перапынку так і не змяніўся. У трэцім перыядзе Андрэй Антонаў, выйшаўшы на лёд з лаўкі штрафнікоў, атрымаў дакладную перадачу і рэалізаваў фактычна булітны выхад. „Рысям” не дапамагло і зняццё брамніка ў канцоўцы матча.
Берасцейскае «Дынама» перамагло «Нёман»
Пасля міжнароднай паўзы «заходнім дэрбі» стартаваў трэці тур чэмпіянату Беларусі па футболе. У Гародні «Нёман» прымаў берасцейскае «Дынама» і госці святкавалі даволі нечаканую перамогу з лікам 1: 0. Берасцейцы пакуль не ведаюць паразаў на старце чэмпіянату і не прапускаюць. Новая каманда з Берасця пры роўнай гульні здолела рэалізаваць свой момант. Бліжэй да канца гульні Аляксандр Шасцюк, знаходзячыся ў асяроддзі двух абаронцаў, здолеў нанесці ўдар па браме «Нёмана». Мяч праляцеў паміж рук брамніка і трапіў у сетку. Суддзя дадаў цэлых пяць хвілін дадатковага часу, гаспадары зладзілі штурм брамы «Дынама», але зраўняць лік не змаглі. Цэнтральным матчам тура стане сённяшняя гульня ў Салігорску. Сустрэнуцца два лідары: «Шахцёр» згуляе супраць «Іслачы». Пасля двух тураў „ваўкі” і „гарнякі” лідзіруюць у чэмпіянаце, маючы па шэсць ачкоў.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” перамаглі „Днепр” у чэмпіянаце Беларусі На жаночым чэмпіянаце Беларусі па футболе адбыліся першыя матчы 3-га тура. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” святкавалі сваю трэцюю вікторыю, перамогшы ў Магілёве мясцовы „Днепр” з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў пачатку першага тайма – на 6-й хвіліне вызначылася Анастасія Новікава, а праз 10 хвілін поспеху дамаглася Вікторыя Валюк. У іншым матчы ўладальніцы срэбраных медалёў футбалісткі „Мінска” разграмілі на сваім полі „Віцебск” 16:0. Яшчэ тры паядынкі адбудуцца сёння: „Зорка-БДУ” (Менск) згуляе са зборнай Гомельскай вобласці, гарадзенскі „Нёман” пазмагаецца з берасцейскім „Дынама”, зборная Беларусі (U-19) згуляе з „Бабруйчанкай”. Пасля 3 тураў па 9 ачкоў набралі „Дынама-БДУФК” і „Мінск”, у „Нёмана” пакуль 6 ачкоў і гульня ў запасе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя