Глыбачаніна Аляксандра Шэлепня аштрафавалі за герб „Пагоня” на балконе
На 1740 беларускіх рублёў (60 базавых велічыняў) быў аштрафаваны глыбачанін Аляксандр Шэлепень за герб „Пагоня” на сваім балконе. Да таго ж перад гэтым ён на выходных адседзеў у Глыбоцкім ІЧУ два дні. Пасля гэтага ў панядзелак, 29 сакавіка, міліцыянты па ўжо звыклай схеме прывезлі яго ў суд. Тады суд не адбыўся, бо справу вярнулі на дапрацоўку. І вось 2 красавіка суддзя Андрэй Тарасевіч пакараў яго штрафам, нават не звяртаючы на довады Аляксандра, якія ён прыводзіў наконт герба „Пагоні” як гісторык па адукацыі.
Як кажа Аляксандр Шэлепень, суддзя сказаў, што герб „Пагоня” забаронены. Аляксандр не прызнаў законным ні сваё затрыманне, ні тое, што было напісана ў пратаколе.
– На якой падставе лічыць, што я праводзіў там нейкае пікетаванне, калі мяне ўвогуле не было ў Глыбокім? Пікетаванне мае на ўвазе прысутнасць людзей, арганізацыю мерапрыемства. А тут хто прысутнічаў, акрамя таго, што на фота герб “Пагоня? На судзе я сказаў, што харугвы Княства Літоўскага, паслядоўнікам якога з’яўляецца Беларусь, ішлі на Грунвальд пад гербам “Пагоня”. І 600 гадоў тут немец зямлю не таптаў. Да гэтага як адносіцца? На што суддзя мне сказаў, што “Пагоня” ў Беларусі забаронена.
Пасля Дня Волі ў Глыбокім за гэты час суддзі Станіслаў Трапук і Андрэй Тарасевіч пакаралі штрафамі чатырох чалавек, кожнаму з іх яны прысудзілі па 60 базавых велічыняў штрафу па артыкуле 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Былі пакараныя тры жанчыны за бел-чырвона-белыя паветраныя шары і за пост у тэлеграм-канале быццам бы за заклік “пагуляць” 25 сакавіка па горадзе. Пры вынясенні такіх вялікіх штрафаў суддзяў нават не збянтэжыў той факт, што ў іх ёсць непаўнагадовыя дзеці і ім цяжка будзе выплаціць такую вялікую суму штрафаў.
Нягледзячы ні на што, у Глыбокім працягваюцца кропкавыя акцыі супраціву ўладам і адчуваецца вялікая людская салідарнасць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя