Пінчукоў-палітвязняў акрамя зняволення хочуць загнаць у фінансавую кабалу



“Пінчукоў-палітвязняў, якіх судзяць за ўдзел у мітынгу ўночы з 9-га на 10-е жніўня, хочуць задушыць не толькі вялікімі тэрмінамі, але і загнаць у фінансавую кабалу”, – так гавораць іх сваякі і паплечнікі. Кожны пацярпелы міліцыянт, а іх 109, патрабуе спагнаць з абвінавачаных кампенсацыю. Лічбы розныя ад 3 да 15 тысяч рублёў.

Старшыня пінскіх сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова, якая ездзіць на паседжанні ў Берасце, гаворыць, што гэтая акалічнасць ускладняе становішча вязняў:

– Яны ў салідарным парадку зысківаюць з нашых абвінавачаных сумы, і гэта азначае, што пакуль уся сума зыскаў не будзе выплачана, ні адзін з нашых пінскіх хлопцаў не зможа разлічваць ні на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, ні на замену рэжыма на больш мяккі. І ўсіх будуць абмяжоўвацца ў колькасці перадач і колькасці грошай, якія яны змогуць траціць на сябе, знаходзячыся ў месцах зняволення.

Акрамя кампенсацыі, якую патрабуюць пацярпелыя міліцыянты, пінчукі-палітвязні будуць вымушаныя сплаціць шкоду гарадской і камунальнай маёмасці Пінска. Яе ацанілі ў 24 тысячы рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя