Ва Ушацкім раёне затрымалі збеглага з палігона пад Івацэвічамі салдата
Ва Ушацкім раёне затрымалі збеглага з палігона пад Івацэвічамі салдата Аляксандра Караткевіча.
Цяпер з ім праводзяцца следчыя дзеянні, паведамляе прэс-служба МУС. Салдат уцёк на грузавіку. Быў абвешчаны план „Перахоп”. Меркавалася, што ён накіраваўся да сваёй дзяўчыны, якая жыве ў Полацкім раёне. Сам Караткевіч — нараджэнец Расонаў.
Ён не меў заўваг па службе, у падраздзяленні характарызаваўся станоўча. Даішнікі спынілі грузавік на трасе Мінск — Полацк у раёне Ушачаў — стралялі па колах. Салдат уцёк у лес, пачаліся яго пошукі, якія далі станоўчы вынік. Каля 20-й гадзіны 4 красавіка жыхарка вёскі Лобані Ушацкага раёна паведаміла ў міліцыю, што бачыла хлопца, падобнага на вайскоўца, абвешчанага ў вышук. Міліцыя прыбыла на месца і затрымала Аляксандра Караткевіча. З паведамлення прэс-службы Мінабароны вынікае, што салдат пры затрыманні не супраціўляўся і не пацярпеў. Ведамства высвятляе прычыны яго ўцёкаў з палігона.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Спецыяльныя мерапрыемствы па пошуку вайскоўца-ўцекача вядуцца ў 11 раёнах Віцебскай вобласці, паведамляецца ў тэлеграм-канале МУС „Шукае міліцыя”.
Паводле інфармацыі МУС, гэта 19-гадовы Аляксандр Караткевіч, ураджэнец гарадскога пасёлка Расоны Віцебскай вобласці.
2 красавіка гэты салдат тэрміновай службы пакінуў тэрыторыю палігона, знаходзячыся за рулём грузавіка.
Быў абвешчаны план «Перахоп». ДАІ здолела спыніць машыну на трасе Менск — Полацк у раёне Ушачаў. Аднак салдат уцёк у лес у раёне вёскі Сарочына.
Паводле інфармацыі Telegram-канала Ваенкор_BY, МАЗ, за рулём якога знаходзіўся вайсковец тэрміновай службы, быў знойдзены на трасе. Салдат праігнараваў патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца і папераджальныя стрэлы ў паветра. Супрацоўнікам давялося страляць па колах. У выніку салдат тэрміновай службы кінуў машыну і ўцёк у лес.
„Цяпер у 11 раёнах Віцебскай вобласці праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы: міліцыя рэгіёна, унутраныя войскі, АМАП сумесна з падраздзяленнямі Міністэрства абароны прачэсваюць мясцовасць у пошуках вайскоўца”, — гаворыцца ў паведамленні.