В’ёса Асмані – новая прэзідэнт Косава



Парламент Косава ў нядзелю, 4 красавіка, абраў прэзідэнтам рэспублікі экс-старшыню В’ёсу Асмані, паведамляе Deutsche Welle. Кандыдатуру 38-гадовай юрысткі падтрымаў 71 дэпутат з 120. А 38 парламентарыяў – дзве апазіцыйныя партыі і палітычная сіла, якая прадстаўляе інтарэсы этнічных сербаў, – байкатавалі галасаванне.

Асмані стала другой жанчынай на пасадзе прэзідэнта Косава. З красавіка 2011 года па красавік 2016 года гэты пост займала Атыфетэ Ях’яга.

Напярэдадні парламент цягам шматгадзінавых дэбатаў не змог набраць кворум – 80 чалавек. Правал нядзельнага галасавання ў адпаведнасці з канстытуцыяй патрабаваў бы правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Асмані паабяцала быць „прэзідэнтам для ўсіх” і ўмацаваць прававую дзяржаву. Яна часова выконвала абавязкі прэзідэнта пасля сыходу абвінавачанага ў ваенных злачынствах Хашыма Тачы ў адстаўку ў лістападзе 2020 года.

У 2008 годзе Косава ў аднабаковым парадку абвесціла пра незалежнасць ад Сербіі. Урад у Белградзе па-ранейшаму лічыць Косава адной з сваіх правінцый. Расея і шэраг іншых краін не прызнаюць незалежнасці Косава дагэтуль.

Беларускае Радыё Рацыя